Кіеў атакавалі расійскія «Бандэролі». Што гэта за дрон-ракета і ці стануць атакі масавымі?
Расіяне падчас масаванага абстрэлу Кіева гэтай ноччу выкарысталі новы баражавальны боепрыпас «Бандэроль», які можа ляцець да 500 км і несці да 150 кг выбухоўкі. Агенцтва «РБК-Украіна» расказвае, чым небяспечны баражавальны боепрыпас і ці можа ён замяніць «Шахеды» пры атаках на сталіцу Украіны.
Дрон «Арыён», які з'яўляецца адным з носьбітаў «Бандэроляў»
Дзе вырабляюць «Бандэролі»
Па даных украінскай разведкі, распрацоўшчык ракеты — падсанкцыйнае прадпрыемства «Кранштат». Асноўным яе носьбітам з'яўляецца беспілотнік «Арыён» вытворчасці той жа кампаніі. Таксама робіцца адаптацыя вырабу для прымянення з ударных верталётаў Мі-28Н.
Характарыстыкі
Асаблівасцю ракеты з'яўляецца яе здольнасць выконваць павароты з меншым радыусам, чым у тыповых крылатых ракет расійскай вытворчасці (Х-101, 3М-14, 9М727, Х-69), захоўваючы пры гэтым характэрную траекторыю палёту крылатай ракеты.
«Бандэроль» забяспечаная баявой часткай масай да 150 кг; яна здольная пераадольваць адлегласць да 500 км з хуткасцю 500 км/г. У якасці паліва выкарыстоўваецца авіяцыйная газа.
З чаго складаецца дрон
Эксперты ГУР зафіксавалі выкарыстанне замежных кампанентаў, рэактыўны рухавік Swiwin SW800Pro кітайскай вытворчасці, акумулятарныя батарэі Murata (Японія), сервапрывады Dynamixel MX-64AR кампаніі Robotis з Паўднёвай Карэі, а таксама амаль два дзясяткі мікрачыпаў амерыканскіх, кітайскіх, швейцарскіх, японскіх і паўднёвакарэйскіх вытворцаў.
У чым ключавая перавага «Бандэролі» над «Шахедамі»
Авіяцыйны эксперт Канстанцін Крывалап у каментары «РБК-Украіна» адзначыў, што да ключавых пераваг «Бандэроляў» можна аднесці прыкметна большую хуткасць у параўнанні з дронамі, што можа дапамагчы боепрыпасу месцамі прарваць украінскую СПА.
Ён можа быць эфектыўным для таго, каб знішчаць нейкія адзінкавыя цэлі, але масавым ён не стане праз адносна высокі кошт у параўнанні з дронамі.
Ці могуць «Бандэролі» стаць сур'ёзнай пагрозай для Кіева?
«Гэты від узбраення мае даволі абмежаванае прымяненне. Яго можна запускаць альбо з верталёта, альбо з дронаў тыпу «Арлан». Для гэтага верталёт ці БпЛА трэба падняць у паветра, таму гэта не зусім зручная рэч», — гаворыць Канстанцін Крывалап.
Акрамя таго, паводле яго слоў, «Бандэроль» прыкладна ўтрая даражэйшая за «Шахед», таму не можа стаць масавай, бо сёння асноўны трэнд — гэта «шмат і танна». Пры гэтым гэты боепрыпас мае нават не ўдвая большую выбуховую частку, да таго ж з-за вялікіх габарытаў з'яўляецца зручнай цэллю для рэактыўнай авіяцыі і комплексаў СПА.
Уночы 15 чэрвеня Расія нанесла масаваны камбінаваны ўдар па Кіеве — дронамі, балістычнымі і крылатымі ракетамі.
У выніку атакі пашкоджанні зафіксавалі ў 10‑ці раёнах украінскай сталіцы, загінулі пяць чалавек, яшчэ больш за 30 атрымалі раненні.
Падчас атакі Расія прымяніла супраць Украіны больш за 680 сродкаў знішчэння — сярод іх «Цырконы», балістыка «Іскандэр», крылатыя ракеты і сотні беспілотнікаў розных тыпаў. СПА знішчыла або падавіла 632 паветраныя цэлі.