БЕЛ Ł РУС

Партыі сябра Лукашэнкі не хапіла каля 160 галасоў з усёй Арменіі, каб трапіць у парламент

14.06.2026 / 18:05

Nashaniva.com

Гагік Царукян канчаткова ў пралёце. І пад следствам.

Выбары ў Арменіі. Фота: AP Photo/Anthony 

Партыя «Квітнеючая Арменія» Гагіка Царукяна — бізнесмена, які публічна называе Аляксандра Лукашэнку сваім сябрам, — не прайшла ў Нацыянальны сход Арменіі па выніках выбараў 7 чэрвеня. Ёй не хапіла каля 160 галасоў.

Паводле канчатковых дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, «Квітнеючая Арменія» набрала 3,989% — пры неабходных для партый 4%. Пры яўцы 1 476 769 выбаршчыкаў атрымліваецца, што Царукяну не хапіла прыкладна 160 галасоў.

Перамогу на выбарах атрымала партыя прэм’ер-міністра Нікола Пашыняна «Грамадзянская дамова» — 49,745%. Далей ідуць блок «Моцная Арменія» Самвела Карапецяна (23,271%) і блок «Арменія» Роберта Качарана (9,923%). Усяго мінімальны парог не пераадолелі 15 з 18 палітычных сіл, якія ўдзельнічалі ў выбарах.

Сувязі Царукяна з Лукашэнкам — даўнія і публічныя. У маі 2026 года бізнэсмен сказаў: «Лукашэнка — мой сябар, родны мне чалавек». Пасольства Беларусі ў Арменіі знаходзіцца не ў сталіцы, а ў сяле Арындж побач з маёнткам Царукяна. Бізнэсмену належыць доля ў беларуска-армянскім каньячным прадпрыемстве, а ў студзені 2024 года да яго прыязджаў Віктар Лукашэнка.

Адзін з падарункаў Царукяна звязаны непасрэдна з сынам беларускага кіраўніка. Падчас афіцыйнага візіту Лукашэнкі ў Ерэван у 2010 годзе бізнэсмен падарыў ягонай сям’і 400‑літровую бочку каньяку «Арарат». Яе захоўваюць у падвалах Ерэванскага каньячнага завода і, паводле паведамленняў, плануюць адкаркаваць у дзень вяселля Колі Лукашэнкі, якое пакуль не адбылося.

10 чэрвеня, праз тры дні пасля выбараў, супраць Царукяна завялі крымінальную справу па падазрэнні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і забаранілі яму выязджаць з краіны. Адвакат палітыка лічыць пераслед незаконным і неабгрунтаваным.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула