БЕЛ Ł РУС

«Уцякалі ад мігрантаў і гендарнай ідэалогіі». Прапаганда паказала яшчэ адну сям'ю ковід-дысідэнтаў, якая перабралася з Германіі ў Беларусь

14.06.2026 / 16:54

Nashaniva.com

Сям’я Оелке пакінула Саксонію, каб пасяліцца ў вёсцы пад Мінскам. Галоўнымі прычынамі эміграцыі сужэнцы называюць нязгоду з міграцыйнай палітыкай, школьнымі ўрокамі пра гендар і нямецкім падыходам да вакцынацыі. Пры гэтым жонка ў сям'і — расіянка з Чачні, аднак для пераезду пара абрала не Расію, а Беларусь, пра якую раней ведала толькі з інтэрнэту.

Сям’я Оелке. Фота: «Прысталічча»

Як піша раённая газета «Прысталічча», пераезд сям’і не быў спантанным рашэннем, хоць да гэтага сям'я ніколі не бывала ў Беларусі.

Сям'я Оелке інтэрнацыянальная: Марына мае расійскае паходжанне, яна нарадзілася ў Чачні, адкуль яе сям'я некалі ўцякала ад вайны. Рональд — карэнны немец. Яны пазнаёміліся ў 2006 годзе, калі Рональд прыехаў у Расію з дабрачыннай місіяй для дзяцей Беслана. Пасля вяселля Марына пераехала да мужа ў Саксонію, дзе ў іх нарадзілася трое дзяцей.

Цікава, што разглядаючы варыянты для эміграцыі, сям'я чамусьці не абрала Расію, дзе нарадзілася і вырасла Марына, а спыніла свой выбар на Беларусі.

Ад чаго «збеглі» з Германіі

Набор прычын, якія, па словах сям'і, падштурхнулі іх да пераезду, цалкам адпавядае класічным прапагандысцкім наратывам пра «загніваючы Захад». Першай прычынай стала змена сацыяльнага асяроддзя ў іх невялікай вёсцы пад Дрэздэнам пасля хвалі міграцыі. Яны сцвярджаюць, што з двароў пачалі знікаць дзіцячыя ровары, а ў бацькоўскіх чатах з'явіліся папярэджанні не пакідаць дзяцей адных на аўтобусных прыпынках.

Другім фактарам стала школьная адукацыя. Занепакоенасць сям'і выклікалі «асветніцкія праекты», якія праводзіліся для дзесяцігадовых дзяцей.

Рональд сцвярджае, што пад выглядам «дня дэмакратыі» дзецям распавядалі, што «секс — гэта весела» і трэба шукаць сваю гендарную ідэнтычнасць.

Марына дадае, што дачцэ нібыта ўнушалі, што «быць проста нармальнай дзяўчынкай — гэта ўжо сумна і няправільна». Акрамя таго, сям'я расчаравалася ў нямецкіх СМІ, лічачы, што яны скажалі інфармацыю пра падзеі ва Украіне і на Данбасе.

Выбар на карысць Беларусі і ковід-дысідэнцтва

Беларусь сям'я абрала, вывучаючы інфармацыю ў інтэрнэце. І тут раскрываецца яшчэ адзін важны аспект іх светапогляду. Як распавядае Марына, падчас пандэміі COVID-19 іх уразіла, што краіна не ўводзіла татальны лакдаўн і не прымушала людзей да вакцынацыі.

«Мы глядзелі і радаваліся: Бацька — малайчына, нікога не стаў заганяць пад лаўку», — цытуе выданне словы жанчыны.

Рональд Оелке. Фота: «Прысталічча»

Прыехаўшы на разведку, сям'я аб'ехала некалькі рэгіёнаў, але спыніла свой выбар на ўчастку ў вёсцы Старое Сяло Мінскага раёна. Іх не спалохаў нават недабудаваны дом, які яны набылі і пазней давялі да ладу. Цяпер будынак пафарбаваны ў ярка-аранжавы колер. Асаблівую ўвагу надалі ацяпленню: у доме паставілі печку, бо ў Германіі, як сцвярджае сям'я, зімой бывалі перабоі з электрычнасцю.

Прафесійныя цяжкасці і планы

Рамонт дома вялі на грошы ад продажу жылля ў Германіі. Пераезд на адной машыне дазволіў забраць толькі мінімум рэчаў, а асноўная частка маёмасці, уключаючы прафесійнае абсталяванне, затрымалася на мытні.

Рональд па прафесіі столяр-рэстаўратар, яго нямецкі дыплом майстра прыраўняны да інжынернага. Аднак без сваіх інструментаў ён пакуль не можа пачаць працу.

«Душа баліць. Плінтус прыбіць — і тое няма чым, увесь інструмент там», — кажа ён.

Марына — медык па адукацыі, працавала ў мабільнай службе донарства крыві. Каб вярнуцца ў прафесію, ёй неабходна пацвердзіць сваю кваліфікацыю рэаніматолага.

Архітэктурны макет з дрэва, выкананы Рональдам. Фота: «Прысталічча»

Дзеці, па словах бацькоў, адаптаваліся. Старэйшы сын ужо вывучыў беларускую мову, а дачка пачала пісаць кнігу і займацца маляваннем. У планах сям'і — пасадзіць сад, пабудаваць майстэрню і весці спакойнае жыццё.

«Тут мы адпусцілі дзяцей і перасталі тузацца кожныя пяць хвілін. Я ведаю, што з імі нічога не здарыцца», — цытуе выданне словы Марыны. Рональд, аглядаючы дом, пагаджаецца: «Усё спазнаецца ў параўнанні. Мы зрабілі правільны выбар».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула