БЕЛ Ł РУС

Беларусы на апошнім месцы ў рэгіёне па выдатках на медыцыну

20.06.2026 / 09:00

Вінцэсь Клепачэня

На медыцыну ў Беларусі трацяць каля $2200 на чалавека на год з улікам парытэту купчай здольнасці. Гэта найменшы паказчык сярод суседніх краін: у Польшчы і Літве ён амаль удвая вышэйшы, а ў Германіі — больш чым у чатыры разы. Пры гэтым каля траціны выдаткаў на ахову здароўя беларусы аплачваюць са сваёй кішэні.

Ілюстрацыйнае фота: LookByMedia

Беларусь застаецца аўтсайдарам сярод суседніх краін па выдатках на ахову здароўя. Паводле даных Сусветнага банка і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2023 годзе на медыцыну ў краіне накіроўвалася каля 6,6% ВУП. Для параўнання, у сярэднім па Еўрасаюзе гэты паказчык складае 10,5%, а ў Германіі дасягае 12,3%.

На гэта звяртаецца ўвага ў незалежным аглядзе беларускай сістэмы аховы здароўя, падрыхтаваным актывістамі незалежнага прафсаюза медыкаў пры падтрымцы Фонду медыцынскай салідарнасці Беларусі BYMEDSOL і праекта «Белыя халаты».

У пераліку на аднаго жыхара розніца выглядае яшчэ больш істотнай. У Беларусі выдаткі на ахову здароўя складаюць каля $2200 на год з улікам парытэту купчай здольнасці. У Расіі гэты паказчык перавышае $3200, у Латвіі — каля $3000, у Польшчы — амаль $4000, у Літве — больш за $4100. У Германіі на медыцыну трацяць каля $8800 на чалавека, а сярэдні паказчык у Еўрасаюзе складае каля $6700.

Іншымі словамі, Латвія траціць на аднаго жыхара ў 1,4 разу больш, чым Беларусь, Польшча і Літва — у 1,8—1,9, а Германія — прыкладна ў чатыры разы больш.

Адрозніваюцца і дзяржаўныя прыярытэты. У Беларусі на ахову здароўя накіроўваецца каля 11,7% усіх дзяржаўных выдаткаў. У краінах Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця гэты паказчык у сярэднім складае 15,1%.

Недахоп фінансавання мае практычныя наступствы. Як адзначаюць аўтары агляду, сучасная медыцына патрабуе не толькі бальніц і паліклінік, але і дарагога дыягнастычнага абсталявання, расходных матэрыялаў, лекаў, лабараторных сістэм і лічбавай інфраструктуры. Значная частка гэтай прадукцыі закупляецца за мяжой, таму краіны з большымі выдаткамі могуць хутчэй укараняць новыя тэхналогіі і забяспечваць шырэйшы доступ да сучаснага лячэння.

Пры гэтым каля траціны ўсіх выдаткаў на ахову здароўя ў Беларусі пакрываецца не дзяржавай, а самімі грамадзянамі і іншымі недзяржаўнымі крыніцамі.

Паводле даных Сусветнага банка, доля такіх прыватных выдаткаў складае каля 33,2%. Гэта азначае, што частка расходаў на лекі, дыягностыку і медыцынскія паслугі фактычна перакладаецца на пацыентаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула