У Мінску ў 72‑гадовага пенсіянера знайшлі патроны, порах і вінтоўку з глушыцелем
Пажылому мужчыну пагражае да 7 гадоў калоніі.
У 72‑гадовага мінчука міліцыянеры знайшлі патроны, порах і вінтоўку, пішуць «Мінск-Навіны».
На антрэсолях у кватэры на вул. Малініна, дзе пражывае пажылы мінчанін, быў знойдзены патрон. Мужчына паведаміў, што туды яго, верагодна, паклаў сын, які загінуў яшчэ ў 2005 годзе.
Пасля ў пабудове на ўчастку ў Стаўбцоўскім раёне, уладальнікам якога з’яўляецца абвінавачаны, супрацоўнікі міліцыі знайшлі яшчэ каля сотні патронаў рознага калібру, прыдатных для стральбы, порах і вінтоўку з глушыцелем. Паводле слоў фігуранта, усё гэта належала яго сябрам-паляўнічым і нябожчыку-суседу.
У дачыненні да мінчаніна завялі крымінальную справу. У пенсіянера не было дазволу на захаванне і выкарыстанне баявой і паляўнічай зброі.
— Абвінавачаны раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, — пракаментаваў намеснік пракурора Ленінскага раёна Аляксандр Мазанік. — Яму прад’яўлена абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 295 КК («незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»), санкцыя якога — аж да сямі гадоў пазбаўлення волі са штрафам або без яго.
З якой нагоды міліцыя прыйшла з вобшукам да пенсіянера, не паведамляецца.