БЕЛ Ł РУС

У Берліне расійскі апазіцыянер Ілля Яшын стварыў партыю ў выгнанні

14.06.2026 / 13:41

Nashaniva.com

На з’ездзе ў Берліне расійскія апазіцыянеры ў эміграцыі стварылі палітычную партыю «Мірная Расія».

Фота: «Дождь»

Яшын атрымаў 68 галасоў дэлегатаў. Яго саперніцы Вольга Падольская і Раксана Кісялёва набралі 40 і адзін голас адпаведна, піша The Moscow Times. 

З’езд доўжыўся два дні, на ім быў прыняты маніфест і статут партыі, вызначана яе структура кіравання і абраны кіруючыя органы.

Намеснікамі старшыні сталі Алена Кацёначкіна, Канстанцін Косаў і Вольга Пракоп’ева. У цэнтральную палітраду ўвайшлі 25 чалавек.

Паводле слоў Яшына, новая палітычная сіла будуецца вакол трох ключавых прынцыпаў — міру, свабоды і справядлівасці.

«Наша задача — узяць уладу ў Расіі. Мы створаны за мяжой, але мы не эмігранцкая партыя», — заявіў ён.

Яшын дадаў, што, акрамя гэтага, партыя мае намер прадстаўляць інтарэсы антываенна настроеных суайчыннікаў на міжнароднай арэне.

Асноўнымі кірункамі працы «Мірнай Расіі» стануць «палітычная асвета ў інтэрнэце», падтрымка прыхільнікаў унутры краіны і развіццё кантактаў з заходнімі дзяржавамі.

Яшын таксама заявіў пра планы стварыць сетку палітычнага прадстаўніцтва за мяжой і дабівацца інтэграцыі членаў партыі ў парламенты еўрапейскіх краін у якасці экспертаў і кансультантаў.

Пры гэтым ужо на этапе стварэння ў «Мірнай Расіі» праявіліся ўнутраныя нязгоды. Яшына абвінавацілі ў спробе сканцэнтраваць уладу вакол сябе і найбліжэйшага атачэння. 

Рэгістраваць партыю ў Расіі пакуль не плануецца. Паводле слоў Яшына, у цяперашніх умовах гэта бессэнсоўна, паколькі Крэмль не дапусціць з’яўлення ў краіне легальнай незалежнай палітычнай сілы, «якая ставіць задачу прыйсці да ўлады».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула