Трэнерка-блогерка абразіла наведвальніцу ў трэнажорцы ў Новай Баравой. Цяпер скардзіцца на цкаванне
Трэнерка-блогерка Паліна Загурская запісвала відэа ў трэнажорнай зале LifeCity. У кадр выпадкова зайшла наведвальніца. «Чыстае назіранне ў зале: ходзяць перад камерамі выключна страшныя дзяўчыны», — напісала Паліна і стала антызоркай сацсетак.
Паліна Загурская
Паліна Загурская — трэнерка, якая працуе трэнажорнай зале LifeCity. Каб развіваць асабісты брэнд, яна спрабуе быць і блогеркай. Поспехі пакуль невялікія: менш за 1500 падпісчыкаў у інстаграме.
Нечакана жанчына стала знакамітай. Але, як кажуць, ёсць нюанс.
Паліна здымала чарговае відэа, калі выпадкова ў кадр зайшла наведвальніца LifeCity. Яна, імаверна, не бачыла камеру, якая стаяла даволі далёка ад трэнеркі.
Здавалася б — нічога такога. Лагічна, што ў публічным месцы могуць быць людзі, якія не абавязаны сачыць за тым, ці не ўсталявана недзе прыхаваная камера.
Але Паліна вырашыла зрабіць з гэтай сітуацыі інфармацыйную нагоду. Яна апублікавала на сваёй старонцы допіс з даволі абразлівым для наведвальніцы трэнажоркі тэкстам: «Чыстае назіранне ў зале: ходзяць перад камерамі выключна страшныя дзяўчаты».
Трапіўшы пад лавіну крытыкі, Паліна выдаліла допіс. Але інтэрнэт памятае ўсё: скрыншот пайшоў гуляць па сацсетках, а абмеркаванне трэнеркі працягнулася.
Аўтар допісу падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі: «Насамрэч гэта вельмі сумная сітуацыя. Даўно трэніруюся і магу сказаць, што ў зале людзі ў 95% выпадкаў вельмі добразычлівыя. Яшчэ ніхто не адмаўляўся падзяліцца трэнажорам або нават часам падстрахаваць. Я супраць такіх паняццяў, як «падснежнікі». Малайцы ўсе, хто вырашыў заняцца сабой — няхай гэта будзе фітнес, танцы, пілатэс ці турнікі. Асуджэння заслугоўваюць толькі тыя, хто парушае дысцыпліну, парадак, паводзіць сябе агрэсіўна або абражае іншых. Штуршок пад зад — займайся дома і здымай сябе як заўгодна».
Ён таксама выбачыўся перад той самай дзяўчынай у кадры і дадаў, што, калі раптам яна пабачыць гэтае абмеркаванне, няхай ведае: усе выступілі ў яе абарону.
Сапраўды, большасць каментатараў абурылася тым, што нехта вядзе здымкі ў трэнажорцы: «Мару, каб у залах забаранілі здымаць. Я гэтых «аператараў» ненавіджу ўсёй душой. У залу людзі часцей за ўсё прыходзяць ва ўразлівым стане: не ведаюць трэнажораў, яшчэ не набылі жаданую форму — і тут здымкі з усіх бакоў», «Мне здавалася, што трэнажорная зала створана для трэніровак і падтрымання здароўя, а не для трэнераў, якія красуюцца перад камерай. Такому чалавеку нельга працаваць з людзьмі, калі ён так ставіцца да патэнцыйных кліентаў і так пра іх выказваецца. Павага, падтрымка і прафесіяналізм павінны быць асновай працы трэнера, а не насмешкі і прыніжэнне тых, хто толькі прыйшоў займацца сабой».
Паліна Загурская. Скрыншот сторыс у яе інстаграме
Адна з каментатарак распавяла, што вымушаная была адмовіцца ад заняткаў у LifeCity праз спробы Загурскай стаць блогеркай: «Я сышла з залы менавіта праз гэтую трэнерку. Не заўважыла тэлефон, які здымаў, і выпадкова трапіла ў кадр. У адказ яна адразу падляцела да мяне з прэтэнзіямі і наездамі толькі таму, што я зайшла ў кадр».
Дарэчы, у сваім інстаграме Загурская раіць перад тым, як ісці на трэніроўку да трэнера, паглядзець яго сацсеткі. Маўляў, трэба разумець манеру камунікацыі. І дадала: пра яе часта кажуць, што яна злая.
Адна з чытачак «Нашай Нівы» звярнулася ў LifeCity з пытаннем, ці лічаць у трэнажорцы такія паводзіны трэнеркі дапушчальнымі. Там адказалі, што пра скандальную сітуацыю ўжо ведаюць, а кіраўніцтва правяло размову з Загурскай. Сцвярджаюць, што яна ўжо асэнсавала сваю віну і вельмі выбачаецца.
Таксама ў LifeCity паабяцалі абмеркаваць з кіраўніцтвам ідэю забароны здымкаў у трэнажорцы.
Сама ж Паліна сапраўды апублікавала даволі фармальны допіс: «Я прыношу прабачэнні за сваё выказванне. Я не мела права такое выстаўляць і нейкім чынам абражаць людзей».
Але цяпер яна скардзіцца на цкаванне і пагражае суіцыдам: «Маіх выбачэнняў у Threads мала! Людзям патрэбная расправа! Мабыць, адзінае, што я магу зрабіць — гэта выскачыць у акно ці нешта з гэтага. І тады ўсе вернуцца ў залу (хто, аказваецца, праз мяне сышоў) і ўсім стане добра!».
Спачуванняў асабліва не відаць — людзі не вераць у шчырасць трэнеркі. А самы папулярны каментар набраў больш за 700 лайкаў і ён такі: «Цікава: спачатку нарабіць х*ні, а потым рабіць з сябе ахвяру. Геніяльна».
Чытайце таксама:
Гуляюць скрыншоты з Анжалікай Мельнікавай у трэнажорцы ў Мінску