БЕЛ Ł РУС

У Мінску прадаюць сталінку з вінтажным дафамінавым інтэр'ерам

14.06.2026 / 12:38

Nashaniva.com

Савецкая мэбля, буйства фарбаў і шмат дэкору. У Мінску прадаецца сталінка з рэдкім рамонтам, піша Realt. 

У гэтай сталінцы каля метро «Фрунзенская» зроблены ўнікальны рамонт. Ён спалучае ў сабе элементы савецкай класікі і эклектычнага дэкору. Атрымаўся такі вінтажны дафамінавы інтэр’ер. Усё тут новае, таму кватэра дакладна падыдзе для тых, каму падабаецца такая атмасфера. 

Дом на Кальварыйскай, 5 пабудаваны ў пяць паверхаў у 1961 годзе. У гэтай позняй сталінцы выстаўлена на продаж прыгожая трохпакаёвая кватэра плошчай 79,5 м². Капрамонт тут прайшоў у 2020 годзе.

Жыллё размяшчаецца на чацвёртым паверсе і адрозніваецца высокімі столямі. Аздабленне сцен яшчэ больш гэта падкрэслівае.

Сцены кухні абклеены шпалерамі ў кантрасную вертыкальную паласу, што візуальна прыўздымае і без таго высокую столь. Усталяваны лінейны светлы гарнітур без верхніх шафак. Тут убудаваны газавая варачная панэль, духавая шафа ў рэтра-стылі і мыйка з высокім змяшальнікам, ёсць і вялікі халадзільнік. Дарэчы, уладальнікі захавалі і акенца паміж кухняй і ваннай.

Адзін з пакояў уладкаваны пад гасцёўню, ён прахадны.

Інтэр’ер досыць стракаты, але ў спалучэнні з дэкорам і савецкай мэбляй выглядае стыльным. Яркія шпалеры дапаўняе шырокая чорна-белая паласа зверху па ўсім перыметры пакоя. Столь ідзе з класічнымі ляпнымі разеткамі па цэнтры, вісяць вінтажныя люстры. На падлозе ляжыць паркет.

Побач — жылы пакой, дзе стаіць ложак з металічнай каванай спінкай, пафарбаванай у ружовы колер. Тут жа ёсць выхад на адкрыты балкон.

Поўнавартасная спальня знаходзіцца ў ізаляваным пакоі на іншым баку кватэры. Яна таксама ідзе з балконам і мае невялікую кладоўку, схаваную за шторай.

Даволі яркім атрымаўся і калідор.

Ванна і санвузел выклікаюць моцнае пачуццё настальгіі па савецкіх кватэрах. 

Каля дома знаходзіцца станцыя метро «Фрунзенская». Пешшу можна дайсці да Нямігі, парку Перамогі і гандлёвых цэнтраў. Паблізу знаходзяцца вулачкі з кавярнямі і рэстаранамі.

Просяць за кватэру 605 тысяч рублёў, а цана метра складае 7 610 рублёў (даведачна: гэта 218 тысяч долараў і 2 746 долараў адпаведна).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула