БЕЛ Ł РУС

У Гомелі пенсіянер паўстагоддзя захоўваў рэвальвер узору 1895 года. На яго данёс сын

13.06.2026 / 23:28

Nashaniva.com

У Гомелі 72‑гадовы мужчына больш за паўстагоддзя захоўваў дома рэвальвер сістэмы «Наган» і патроны да яго. Пра наяўнасць зброі ў міліцыю паведаміў яго сын, піша выданне «Белка».

Пенсіянер, ураджэнец Украіны, расказаў следчым, што знайшоў рэвальвер на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці больш як 50 гадоў таму і прывёз яго ў Гомель. Увесь гэты час зброя ляжала ў яго дома, пры гэтым ён ніколі ёй не карыстаўся.

Падчас праверкі высветлілася, што мужчына вёў законапаслухмяны лад жыцця і раней сур’ёзных правапарушэнняў не здзяйсняў, калі не лічыць парушэнні ПДР.

Экспертыза паказала, што сам рэвальвер быў выраблены па ўзоры 1895 года, а вечка рамкі адносіцца да 1944 года. Мяркуецца, што гэтая зброя магла выкарыстоўвацца ў часы Другой сусветнай вайны. Акрамя рэвальвера, у яго знайшлі 16 заводскіх патронаў і адзін самаробны.

Калі да мужчыны прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, ён без супраціву перадаў ім зброю і лічыў, што зрабіў гэта добраахвотна. Аднак паколькі ён сам раней не паведаміў пра яе наяўнасць сілавікам, то пенсіянер пайшоў пад суд.

Суд прызнаў гамельчука вінаватым у незаконным захоўванні агнястрэльнай зброі і прызначыў яму пакаранне — паўтара года абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Чытайце таксама:

У Мінску мужчына рабіў у кватэры рамонт і знайшоў рэвальвер

У Клецку на могілках знайшлі старадаўні наган

У Мазырскім раёне жанчына пад кнігамі і газетамі знайшла 227 патронаў 1895 года

Каментары да артыкула