БЕЛ Ł РУС

У Расіі памёр праваслаўны манах, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання

13.06.2026 / 16:43

Nashaniva.com

Праваслаўны дзеяч Аляксандр Шрамко ў фэйсбуку звярнуў увагу на тое, што 7 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу памёр праваслаўны манах-архімандрыт Віталій (мірское імя Віктар Радамысльскі), які ў свой час крыху паўдзельнічаў у палітычным жыцці падчас станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы. Яму было 73 гады.

Архімандрыт Віталій (Віктар Радамысльскі)

Архімандрыт Віталій, у свецкім жыцці Віктар Аляксандравіч Радамысльскі, нарадзіўся 13 красавіка 1953 года ў Ленінградзе. Раннія гады яго жыцця былі няпростымі: першыя пяць гадоў ён выхоўваўся ў дзіцячым доме.

У 1974 годзе ён скончыў Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатру, музыкі і кінематаграфіі, атрымаўшы прафесію акцёра драматычнага тэатра і кіно. Пазней яго жыццё звязалася з Праваслаўнай царквой. У 1978 годзе ён стаў паслушнікам і чытцом у Свята-Лазараўскай царкве ў Волагдзе, а ў 1979—1980 гадах працаваў сакратаром вядомага расійскага пісьменніка Дзмітрыя Балашова.

27 верасня 1981 года мітрапаліт Філарэт рукапалажыў Віктара Радамысльскага ў дыяканы ў Свята-Духавым саборы ў Мінску. Неўзабаве ён атрымаў сан святара і быў прызначаны настаяцелем Свята-Троіцкай царквы ў мястэчку Поразава Гродзенскай вобласці. Там яму ўдалося праз суд абараніць царкоўны дом ад канфіскацыі.

З 1986 года Радамысльскі служыў у храме ў Віцебскай вобласці, а ў 1986—1988 гадах знаходзіўся ў царкоўнай камандзіроўцы ў Аўстраліі. У 1988 годзе ён зняўся ў дакументальнай стужцы «Боль», прысвечанай лёсу вайскоўцаў-афганцаў.

У 1990 годзе Віктар Радамысльскі стаў першым праваслаўным святаром, абраным дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР за ўвесь савецкі перыяд. У парламенце ён працаваў у камісіях, якія займаліся праблемамі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама расследаваннем выпадкаў выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных і рэпрэсіўных мэтах. У жніўні 1991 года ён удзельнічаў у мітынгу ў Мінску супраць путчу ГКЧП.

28 сакавіка 1991 года ён прыняў манаскі пострыг з імем Віталій. У перыяд прэзідэнцкіх выбараў 1994 года падтрымаў Вячаслава Кебіча і выступаў супраць кандыдата ад БНФ Зянона Пазняка.

Аляксандр Шрамко так успамінае пра дзейнасць Віктара Радамысльскага (манаха Віталія) ў тыя часы:

«Цяпер мала каму з беларусаў штосьці гаворыць гэтае імя. Між тым ён быў адной з найбольш незвычайных і ключавых палітычных фігур у працэсе станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы ў пачатку 90-х. І, як ні дзіўна, нягледзячы на прыналежнасць да кліру РПЦ, адзін з самых заўважных прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі ў лёсавызначальным Вярхоўным Савеце XII склікання.

Людзі старэйшага ўзросту павінны памятаць гэтага незвычайнага прамоўцу на апазіцыйных мітынгах: у падрасніку і са скуфіяй, якую падчас эмацыйнага выступу нярэдка заціскаў у руцэ, накшталт таго, як Ленін кепку. Гэта быў адзін з найлепшых прамоўцаў апазіцыі, гаварыў ён пісьменна, пераканана і нават, можна сказаць, жарсна. Ён не быў нацыяналістам, яго дамінантай былі антыкамунізм і дэмакратызм.

Склад Вярхоўнага Савета XII-га склікання ( 1990‑1995 гады), нягледзячы на яго абранне яшчэ пры СССР і ўладзе КПСС, адрозніваўся найбольшай палітычнай разнастайнасцю і ўвайшоў у гісторыю краіны як апафеоз дэмакратыі, пасля задушанай рэжымам Лукашэнкі. Акрамя Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце гэты Вярхоўны Савет прыняў таксама ў якасці дзяржаўных сімвалаў бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

Паколькі тады яшчэ ў РПЦ не існавала патрабавання аб няўдзеле клірыкаў у выбарных органах улады, XII скліканне Вярхоўнага Савета аказалася унікальным і тым, што сярод яго дэпутатаў было тры святары Беларускай праваслаўнай царквы: мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў), протаіерэй Аляксандр Дзічкоўскі з Баранавіч і святар Віктар (пасля з прыняццем манаства Віталій) Радамысльскі з Оршы. Пры гэтым яны знаходзіліся на розных, нават самых процілеглых флангах палітычнага спектра гэтага сходу. Протаіерэй Дзічкоўскі цалкам ішоў у рэчышчы кіруючай урадавай большасці, святар Радамысльскі быў блізкі да фракцыі БНФ. А недзе пасярэдзіне — мітрапаліт Філарэт. Але ўсе яны ўвайшлі в гісторыю як «бацькі незалежнасці».

І нікога не здзіўляла ў гэтыя слаўныя часы палітычная актыўнасць святароў і крайні разброд іх палітычнай арыентацыі. Я сам быў сведкам, як у перапынку паміж пасяджэннямі мітрапаліт Філарэт і айцец Віталій Радамысльскі разам прыязджалі на абед у епархіяльнае ўпраўленне.

Лідар апазіцыі Зянон Пазняк, як казалі, душы не чуў у гэтым бацюшку-дэпутаце. Часта яны разам адзін за адным выступалі на мітынгах. Вось толькі фінал гэтай палітычнай кар'еры аказаўся нечаканым і нават для многіх шакавальным — раптам у крытычны момант перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі ён выступіў на тэлебачанні ў падтрымку Кебіча, кандыдата ад наменклатурнай улады».

У 1998 годзе Віталій атрымаў сан ігумена, а ў 2001 годзе быў узнагароджаны правам насіць крыж з упрыгожаннямі. Некаторы час ён служыў у мінскім храме святой Марыі Магдаліны.

З 2011 года архімандрыт Віталій стаў духоўнікам Свята-Троіцкай Аляксандра-Неўскай лаўры ў Санкт-Пецярбургу, а ў 2012 годзе быў узведзены ў вышэйшы манаскі сан — архімандрыта.

Аляксандр Шрамко піша і пра гэты перыяд ягонай біяграфіі:

«Пасля выбараў айцец Віталій рэзка знік з палітычнага поля. Падобна, што проста згубіў сябе ў гэтым плане: і з апазіцыяй парваў, і стаўка на Кебіча не згуляла.

Потым служыў некаторы час у царкве Марыі Магдаліны ў Мінску, і ўжо тады сталі даходзіць звесткі пра яго нейкі неверагодны светапоглядны пераварот літаральна на 180 градусаў: з дэмакрата беларускай нацыянальнай скіраванасці ён ператварыўся ў самага крайняга манархіста расійскага імперска-шавіністычнага толку. Чаму так адбылося, гэта загадка. Штосьці, відаць, у яго зламалася ў душы пасля гэтых выбараў.

Пасля айцец Віталій перабраўся ў Расію, у Санкт-Пецярбург, адкуль ён і родам, дзе круціўся ў Лаўры, скончыўшы жыццё яе духоўнікам. Зараз у сувязі з ягоным сконам паглядзеў, што там за пропаведзі былі ў яго. Падобна, ужо цалкам пазбаўленыя палітычнага характару, усё такое глыбока-духоўнае ў старэцкім стылі».

Чытайце таксама:

Памёр трэнер па стральбе з лука Барыс Ісачанка

Памерла Любоў Санкевіч з Бабруйска. Яна публічна прасіла прабачэння за тое, што ў 1994‑м галасавала за Лукашэнку

Памёр экс-аўтагоншчык Вячаслаў Рускіх

Памёр дырэктар прадпрыемства «Стэнлес» Раман Грышкавец

Каментары да артыкула