У Глуску жанчына знайшла ў сябе на ўчастку незвычайны грыб
Жыхарка Глуска Таццяна знайшла на сваім прысядзібным участку незвычайны грыб — Муцінус Равенэля, які ў народзе часта называюць «смярдзючы смарчок». Гэты рэдкі від паходзіць з Паўночнай Амерыкі і адносіцца да грыбоў-сапратрофаў, якія жывуць за кошт раскладання арганічных рэчываў, піша «Коммерческий курьер».
Жанчына выпадкова зачапіла грыб і зламала яго, але незвычайны выгляд знаходкі прыцягнуў яе ўвагу. Галоўная ж яго асаблівасць — моцны непрыемны пах, падобны да паху падлы, таму ў ежу ён не выкарыстоўваецца.
У Беларусі гэты від упершыню быў знойдзены ў 2001 годзе ў Віцебскім раёне. Цяпер яго зрэдку знаходзяць у розных кутках краіны, найчасцей у парках, садах і на дачных участках сярод вільготнай травы. Звычайна грыб з'яўляецца ў перыяд з чэрвеня па верасень.
Муцінус Равенэля занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі як рэдкі заносны від. Таму, знайшоўшы, яго раяць не зрываць і не пашкоджваць.
Чытайце таксама:
Тры нажы, чатыры гадзіны і 35 літраў. Беларусы актыўна збіраюць першыя лісічкі
На Шчучыншчыне сталі прамыслова выпускаць грыбную расаду
«Будзе вільгаць — будуць грыбы». Пад Гроднам ужо збіраюць лісічкі