Прапагандысты паказалі на некалькі секунд паперку з імёнамі раней вызваленых палітвязняў. Што за людзі ў гэтым спісе?
З секунднага кадра АНТ «Нашай Ніве» ўдалося ідэнтыфікаваць імёны васьмі палітвязняў, пра вызваленне якіх грамадскасці дагэтуль нічога не было вядома. Расказваем, хто гэтыя людзі — ад лідскага доктара да чыгуначніка з Баранавічаў.
Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў са спісу «Вясны» ўжо выйшлі на свабоду. Поўнага пераліку імёнаў няма, але з той паперкі, якую паказаў у эфіры АНТ Ігар Тур, можна ідэнтыфікаваць каля паўтара дзясятка чалавек. Пра вызваленне некаторых з іх праваабаронцам было вядома і раней, але пра тое, што восем палітвязняў ужо даўно дома, адбыўшы тэрмін, грамадскасць не ведала.
Вось гэтыя людзі:
Алена Рыбак
Алену Рыбак затрымалі ў канцы кастрычніка 2024 года. Ёй выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361‑1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).
Меркавана, справа звязаная з «дваровымі чатамі»: восенню 2024 года па ўсёй Беларусі пракацілася хваля затрыманняў фігурантаў суседскіх чатаў, якія, паводле версіі следства, нібыта спрабавалі аб'яднацца ў арганізацыю, а КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі» цэлы шэраг такіх чатаў.
Уладзіслаў Федаровіч
Уладзіслава Федаровіча затрымалі ў снежні 2023 года. На «пакаяльным відэа», апублікаваным праўладным тэлеграм-каналам, ён кажа, што ўдзельнічаў у мітынгах і не выдаліў фотаздымкі ў сацсетках. Утрымліваўся пад вартай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя або актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Суд над ім адбыўся 30 студзеня 2024 года.
Вадзім Саскавец
Вадзіма Саскаўца затрымалі 19 студзеня 2023 года. Мінскі гарадскі суд асудзіў яго паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці) да 1 года і 6 месяцаў калоніі.
Таццяна Трафімчык
Таццяну Трафімчык асудзілі адразу па чатырох артыкулах: арт. 130 (распальванне варожасці), ч. 2 арт. 366 (гвалт або пагроза службовай асобе), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 368 (абраза Лукашэнкі). Яе ўключылі ў спіс «тэрарыстаў» і адправілі ў калонію ў Гомелі.
Валянцін Самасюк
Валянцін Самасюк — жыхар Баранавічаў, працаваў на чыгунцы. Яго затрымалі 31 сакавіка 2022 года. Паводле абвінавачання, з 15 па 22 сакавіка 2022 года ён адправіў у тэлеграм-чаце некалькі фотаздымкаў чыгуначнай тэхнікі з каментарамі. Чат прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», і дзеянні Самасюка кваліфікавалі як садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361‑4 Крымінальнага кодэкса).
Андрэй Краснік
Андрэй Краснік — тэрапеўт прыёмнага пакоя Лідскай гарадской бальніцы. Яго затрымалі 20 ліпеня 2022 года за каментары і лайкі ў сацсетках, пакінутыя яшчэ ў 2020 годзе, аднак абвінавачанне ў выніку выставілі па чатырох артыкулах: ч. 2 арт. 366 (гвалт або пагроза службовай асобе), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць парадак), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
Красніку прысудзілі 3 гады і 6 месяцаў калоніі, якія ён адбываў у калоніі пад Віцебскам.
Аляксандр Сырыца
Аляксандра Сырыцу 1 сакавіка 2022 года суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы накіраваў на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары са звычайным назіраннем — паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). 29 красавіка 2024 года адбыўся суд «аб змене прымусовых мер бяспекі і лячэння», пасля чаго Сырыцу, паводле «Вясны», накіравалі ў папраўчую калонію №1. Дакладны прысуд і дата вызвалення невядомыя.
Сяргей Сафронаў
Сяргея Сафронава ў красавіку 2023 года асудзілі ў Жодзіне па ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.