БЕЛ Ł РУС

19‑гадовага беларуса, які знік у Аўстрыі, знайшлі жывога

12.06.2026 / 19:53

Nashaniva.com

Сяброўка сям'і, якая ў свой час першая заявіла пра знікненне 19‑гадовага Мікіты Сталярова, паведаміла ў Threads, што ён нарэшце знайшоўся, хоць падрабязнасцяў пакуль не дае.

Мікіта Сталяроў

«Паводле наяўнай на гэты момант інфармацыі, Мікіта знойдзены, жывы. З ім усё ў парадку.

Хочам падзякаваць усім, хто дапамагаў у пошуках: распаўсюджваў інфармацыю, дзяліўся публікацыямі, звязваўся з намі і падтрымліваў сям'ю.

На гэты момант сям'я знаходзіцца на сувязі з консульствам. З гэтай прычыны мы пакуль не можам падаць падрабязнасці», — напісала жанчына.

Мікіта Сталяроў, як раней паведамлялася, паехаў у Еўропу ў пошуках працы. Апошні раз пра яго была нейкая інфармацыя 3 мая. Паводле слоў блізкіх, на наступны дзень ён павінен быў ісці ў офіс на працаўладкаванне, але ніякіх падрабязнасцяў пра працадаўцу ў іх не было. Не было таксама вядома, у якім менавіта горадзе ці раёне хлопец знаходзіўся перад знікненнем.

Апошні раз Мікіта выходзіў на сувязь з роднымі 1 мая. Паводле іх інфармацыі, ён прыехаў у Вену. Пазней стала вядома, што 3 мая хлопец размаўляў з сябрам. Тады ён яшчэ знаходзіўся на тэрыторыі Аўстрыі, але ўдакладніў, што ўжо недалёка ад мяжы са Швейцарыяй. Паводле наяўнай інфармацыі, у той момант ён быў у кампаніі мінімум трох чалавек, меркавана рускамоўных.

1 чэрвеня з’явілася інфармацыя, што Мікіту знайшлі. Аднак пазней стала вядома, што гэта не так. 

Чытайце таксама:

У Аўстрыі пятыя суткі шукаюць зніклага месяц таму 19‑гадовага беларуса. Вось што кажа сям’я

У Аўстрыі працягваюцца пошукі 19‑гадовага беларуса: паведамленне пра тое, што яго знайшлі, выявілася памылкай

У Аўстрыі прапаў 19‑гадовы беларус, які прыехаў туды ў пошуках працы

Каментары да артыкула