На ўсходзе Беларусі выпаў град памерам з грэцкі арэх ФОТЫ
Непагадзь разыгралася ў Мсціславе, градзіны тут дасягалі каля 32 міліметраў у дыяметры, паведамляе тэлеграм-канал «Метеовайб».
Сіноптыкі аднеслі гэтае з’явішча да чырвонага ўзроўню небяспекі, што азначае павышаную рызыку для людзей, транспарту і інфраструктуры.
Для Беларусі аж настолькі буйны град — даволі рэдкая з’ява. Як паведамляюць у «Магілёўаблгідрамеце», звычайны памер граду ў краіне складае каля 5—6 міліметраў. Град, які перавышае 2 сантыметры, лічыцца асабліва небяспечным і ў адным месцы здараецца прыкладна раз на 40—50 гадоў.
Пры гэтым адзначаецца, што да абсалютнага рэкорду Беларусі цяперашняе здарэнне далёкае. Самы буйны град, зафіксаваны ў краіне, быў адзначаны 11 ліпеня 1953 года ў Браслаўскім раёне. Тады градзіны дасягалі 8—10 сантыметраў у дыяметры — гэта параўнальна з памерам курынага яйка.
Чытайце таксама:
У Мінску зараз +13°С, а ў Касцюковічах амаль +30°С
На некаторых рэках павысіўся ўзровень вады
На пятніцу ў Мінскай вобласці абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі з-за пахаладання