БЕЛ Ł РУС

Прарасійскі блогер заявіў, што ўкраінскія дроны ляцяць у Расію праз Беларусь

12.06.2026 / 16:47

Вінцэсь Клепачэня

Анатоль Шарый сцвярджае, што беларускія ўлады ведаюць пра выкарыстанне неба над Беларуссю, але не ўмешваюцца, і гэта яшчэ адзін знак, што сітуацыя на фронце для Расіі пагаршаецца.

Ілюстрацыйнае фота. Пажар на Солнечнагорскай нафтаналіўнай станцыі пад Масквою. 17 мая 2026 года. Скрыншот з відэа з мясцовых чатаў

«Нам удалося пабываць у закрытым бункеры СПА Генштаба Мінабароны Расійскай Федэрацыі, — іранізуе блогер. — Прааналізаваўшы палёты дронаў, мы прыйшлі да найпрасцейшай высновы: частка з іх ляціць праз тэрыторыю Беларусі. Гэта абсалютна дакладна. Яны сапраўды пралятаюць праз тэрыторыю Беларусі», — напісаў Шарый у сваім тэлеграм-канале.

Па словах блогера, у каментарах яму пішуць, што «гэта і так было зразумела», але для яго персанальна «гэта стала адкрыццём».

«Аказваецца, беларуская паветраная прастора даўно выкарыстоўваецца Украінай для таго, каб праз яе дроны ляцелі на Расійскую Федэрацыю», — сцвярджае блогер і задаецца пытаннем, чаму так адбываецца.

Як даводзіць блогер, больш жорсткая рэакцыя Мінска магла б прывесці да непасрэднага ўступлення Беларусі ў вайну. Паводле яго слоў, уцягнуць Беларусь у канфлікт імкнецца Кіеў, а пралёты дронаў могуць быць часткай такой стратэгіі. Але ў падтрымку гэтай версіі ён не прыводзіць ніякіх доказаў, абышоўшыся толькі заўвагай:

«Тут насамрэч мае месца правакацыя, расцягнутая ў часе. І мы бачылі мноства спроб з розных бакоў уцягнуць РБ у вайну».

«Цікава, як доўга можна ігнараваць падобнага кшталту пралёты. А калі заўтра праз Беларусь танкі пойдуць на Расію, гэта таксама не будзе заўважана?» —

развівае свае фантазіі Шарый і заўважае, што становішча Масквы паступова горшае, «таму што з усіх бакоў адбываецца занадта шмат руху».

Блогер крытыкуе расійскія ўлады за адсутнасць «выразнай рэакцыі на прыкметнае павелічэнне паставак узбраення і грошай на ўзбраенне» Украіне, у той час як «сітуацыя ўсё больш і больш нагнятаецца і горшае».

«План цалкам зразумелы. Мы выдатна бачым, што робяць кіеўскія «дронаводы», калі яны б’юць па трасах і пачынаюць высякаць масты. Думаю, найбліжэйшым часам усе маленькія масты будуць разбітыя. А ўжо далей, ну вы памятаеце, што далей…» — прагназуе Шарый, і тут можна з ім пагадзіцца.

Анатоль Шарый — украінскі журналіст антыўкраінскіх поглядаў. З 2019 года жыве за мяжою. Улады Украіны абвінавачваюць яго ў дзяржаўнай здрадзе.

У 2021 годзе Літва абвясціла Шарыя персонай нон-грата.

Пасля пачатку расійска-ўкраінскай вайны Шарый нярэдка агучваў пазіцыі, якія супадаюць з афіцыйнымі расійскімі наратывамі, але ў 2023 годзе ён сімпатызаваў прыгожынскім мяцежнікам, а не Крамлю.

Чытайце таксама:

Пры выбуху аўтамабіля ў падмаскоўнай Балашысе загінуў высокапастаўлены вайсковец

На эканамічным форуме ў Пецярбургу паказалі расійскіх робатаў. Нават Z-патрыёты палічылі іх ганьбай

Вядомага Z-блогера, які раскрытыкаваў Пуціна за адключэнне інтэрнэту, адправілі ў мясны штурм

Каментары да артыкула