БЕЛ Ł РУС

Якія чыста беларускія жанры можна знайсці на найбольш поўнай музычнай карце свету?

13.06.2026 / 12:33

Nashaniva.com

Адзін з самых паважаных праектаў для даследавання музыкі Every Noise at Once — гэткая музычная Вікіпедыя для меламанаў — на сёння налічвае 6 291 музычны жанр, з якіх 8 адзначаныя як чыста беларускія. Што за яны і хто іх рэпрэзентуе?

Сайт Every Noise at Once уяўляе сабой гіганцкую інтэрактыўную карту музычных жанраў, пабудаваную на падставе дадзеных Spotify. Чаму менавіта гэтая платформа? Бо праект стварыў яе экс-супрацоўнік, інжынер дадзеных і спецыяліст па музычнай класіфікацыі Глен Макдональд.

Частка мапы з жанрамі. Скрыншот: everynoise.com

Макдональд займаўся тым, што аналізаваў велізарныя масівы дадзеных аб праслухоўванні музыкі і будаваў сістэму жанраў для Spotify. Шмат якія функцыі платформы — напрыклад, рэкамендацыі «фанаты таксама любяць» і частка жанравай аналітыкі — выраслі з гэтай працы.

Every Noise at Once — пашырэнне яго ведаў і кампетэнцый у новым фармаце. Ствараючы новы праект, Глен хацеў паказаць увесь музычны сусвет цалкам і даць людзям магчымасць даследаваць яго самастойна. Кожны жанр на інтэрактыўнай мапе можна адкрыць, паслухаць прыклады, перайсці да выканаўцаў і звязаных стыляў.

Яшчэ адна з музычных прац-даследаванняў музыкі Глена ў фармаце кнігі.

Every Noise лічыцца адным з лепшых прыкладаў таго, як можна візуалізаваць вялікія аб’ёмы з культурнымі дадзенымі. Праўда, на жаль, на гэты момант праект перастаў абнаўляцца ў сувязі са знікненнем Макдональда са Spotify і, адпаведна, стратай доступу да ўнутраных дадзеных платформы.

«Песняры». Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: «Аргументы і факты»

Дык што там па беларускіх жанрах?

На мапе можна пабачыць восем жанраў з прыстаўкай «беларускі», а таксама якія гурты да яго адносяцца.

Belarusian Indie: «Молчат Дома», Nürnberg, «Петля Пристрастия», «Саюз», Akute, Dlina Volny, Nochy, Palina, Luty sakavik, «Разбітае сэрца пацана», Intelligency і інш.

Belarusian Rock: «Ляпіс Трубяцкі», N.R.M., «J:морс», Nizkiz, «Крамбамбуля, «Без Білета», «Крама», Ulis, Syndrom Samazvanca, Relikt і інш.

Belarusian Pop: Ціма Беларускіх, Макс Корж (раннія танцавальныя рэлізы), Palina, IOWA, ЛСП (поп-хіты), Бі-2, «Верасы», Naviband, Аляксей Хлястоў і інш.

Belarusian Hip Hop: ЛСП, Макс Корж, Бакей, Murovei, Homie, Vinsent, Angst і інш.

Belarusian Punk: «Дай Дарогу!», BRUTTO, «Ляпіс Трубяцкі» (позні перыяд), Neuro Dubel, Dzieciuki, «Тлушч», Amaroka і інш.

Belarusian Electronic: Super Besse (іх позні перыяд), Papa Bo, Shuma, Mustelide, Andy Mart і інш.

Belarusian Metal: Gods Tower, Znich, Weesp, Relikt, Dymna Lotva, «Дрыгва», TROLLWALD і інш.

Belarusian Folk: «Песняры» (класічны пласт), «Стары Ольса», «Троіца, Shuma» (этнічная аснова).

Што цікава, у музыкі з Расіі выдзелена 40‑50 жанраў,
у польскіх артыстаў — 35-40, украінскіх — каля 20, а ў музыцы з Латвіі і Літвы налічылі па 3‑5 жанраў.

А якіх яшчэ, на вашу думку, аўтэнтычных беларускіх жанраў ці выканаўцаў не хапае на гэтай карце?

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула