Дэдалярызацыя ідзе ў масы. Танны даляр паўплываў на звычкі беларусаў
Стабільны і нават усё мацнейшы беларускі рубель разам з намаганнямі дзяржавы дэдалярызаваць эканоміку стаў больш прывабным.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Lookby.media
Чаму дэдалярызацыя выйшла на побытавы ўзровень?
Натуральна, што ў Беларусі ўлады даўно і не раз гаварылі пра тое, што краіне трэба дэдалярызацыя. Але доўгі час зрабіць нешта на практыцы не атрымлівалася.
Народ не проста прызвычаіўся да даляраў як да зручнага інструмента, але і быў навучаны некалькімі дэвальвацыямі, калі рубель моцна і, галоўнае, хутка абясцэньваўся.
У Беларусі традыцыйна склалася так, што цэны на нерухомасць, арэнду жытла, аздабленчыя работы, паслугі рэпетытараў, аўтамабілі, іх рамонт у гаражнікаў і на малых СТА былі ў далярах.
Але апошнім часам прынамсі часткова рубель пачаў выціскаць замежную валюту.
І віной гэтаму перш за ўсё не заклікі з боку дзяржавы і нават не патрабаванні МАРГ прыбраць цэны ў валюце на папулярных сайтах турфірм, забудоўшчыкаў і папулярных сайтах з аб'явамі.
Галоўным рухавіком рубля ў масы з'яўляецца ягоная адносная стабільнасць.
Калі паглядзець, як вёў сябе рубель цягам апошніх 12 месяцаў, то можна ўбачыць, што курс застаецца даволі стабільным.
Фота: скрыншоты з сайта myfin.by
Беларускі рубель да даляра ўмацаваўся прыблізна на 5,5%
Роўна год назад, 12 чэрвеня 2025 года, даляр каштаваў крыху менш за тры рублі, а цяпер каля 2,8 — 2,85 рубля. То-бок за гэты перыяд беларускі рубель да даляра ўмацаваўся прыблізна на 5,5%.
Калі параўноўваць з пачаткам 2025 года, то ўмацаванне склала каля 18%. Пры гэтым 12 чэрвеня 2024 года даляр быў каля 3,2 рубля, а ў той жа перыяд 2023 года — 2,95. То-бок, нягледзячы на перыядычныя ваганні, агулам курс рубля менавіта да даляра застаецца даволі стабільным.
Нават у параўнанні з даваенным курсам, калі даляр у Беларусі каштаваў каля 2,55 рубля, цяперашні курс толькі на 11% вышэйшы — і гэта за перыяд у чатыры з паловай гады.
Менавіта ўмацаванне курса, якое назіраецца ўжо больш за год, уплывае на жаданне людзей замяніць валюту на рублі.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Арэнда жытла. Перайшоў на рублі і не пралічыўся
Раней стаўкі на арэнду жытла па змоўчванні былі зафіксаваныя ў далярах, тым больш што дагэтуль эквівалент у валюце можна прапісаць у дамове.
Але апошнімі гадамі рубель прабраўся і ў гэтую галіну. Так, напрыклад, чалавек, які здае пакоі студэнтам у адным з абласных цэнтраў, кажа, што да мінулага года цана заўжды была ў далярах.
«Кожны раз, калі даляр даражэў, частка студэнтаў пачыналі скардзіцца, што стала дорага. Маўляў, можа, зробіце зніжку», — прыгадвае мужчына, які летась у якасці эксперыменту вырашыў замацаваць цану ў рублях.
«У 2024‑м браў па 80 даляраў, а ў 2025‑м вырашыў падняць да 90 даляраў. Даляр тады быў каля 3 рублёў, таму цану агучваў у 270 рублёў. У выніку атрымалася, што не прагадаў.
Часам замест 90 даляраў выходзіла нават амаль па сто. І студэнтам, чые бацькі ў рублях зарабляюць, таксама зручна, бо цана застаецца той самай», — кажа суразмоўца.
Сёлета ён таксама плануе фіксаваць цану ў рублях. Праўда, хоча падняць стаўку да 300 рублёў з чалавека.
Не адзінкавы выпадак
Гледзячы на аб'явы на тым жа Куфары, можна заўважыць, што частка арэндадаўцаў ставіць цану менавіта ў рублях.
Фота: скрыншот з сайта kufar.by
Па аб'явах можна заўважыць, што калі чалавек прывязвае цану да даляра, то ў далярах будзе роўная сума, а ў рублях — не. І наадварот, калі ў рублях круглая, то ў далярах будзе дробязь на канцы.
Фота: скрыншот з сайта kufar.by
У рубель вераць не ўсе
Чалавек, які здае кватэру на доўгі тэрмін, кажа, што хоць часам яму сапраўды непрыемна, калі пералічвае грошы ў рублі, але адмаўляцца ад даляраў пакуль не плануе.
«Цяпер, калі рубель умацоўваецца, то нявыгадна мне, а калі прасядае — арэндатару. З рублямі будзе тая самая гісторыя, толькі люстэркавая, таму адмаўляцца ад звыклых даляраў прынамсі пакуль не планую», — кажа суразмоўца.
Гаражнікі, рэпетытары, будаўнікі
На рублі пераходзяць і некаторыя пастаўшчыкі паслуг, якія традыцыйна былі ў далярах.
Напрыклад, гаражнікі, якія рамантуюць машыны, кажуць, што пасля таго, як даляр пачаў апускацца адчувальна ніжэй за тры рублі, яны пачалі называць цэны менавіта ў рублях.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«300 рублёў лепей за 100 даляраў»
І такі падыход тлумачыцца не патрыятызмам ці верай у нацыянальную валюту, а банальнай выгадай.
Калі раней работу па замене рэменя ГРМ майстар ацэньваў на сто даляраў, то з часам замест 300+ рублёў ён пачаў атрымліваць ад кліента ці пры абмене ўсяго 270—290 рублёў.
Таму цяпер за такую работу ён адразу агучвае цану трыста рублёў.
Не толькі гаражнікі
Любоў да нацыянальнай валюты пачынае прачынацца і ў рэпетытарскіх колах.
Прычына ўсё тая ж. Праз умацаванне рубля стала зручней называць цану ў нацыянальнай валюце.
«Гадоў пяць-дзесяць таму складана было ўявіць, каб рэпетытары хацелі браць рублі. Некаторыя нават па курсе бралі грошы не вельмі ахвотна. Цяпер сітуацыя змяняецца, бо лепей браць 30 рублёў, чым 10 даляраў. Ці проста, напрыклад, называць 50 рублёў за занятак», — тлумачыць рэпетытарка.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Рубель і даляр: псіхалагічны бар'ер і халодны разлік
Атрымліваецца, што ва ўсіх выпадках так званая дэдалярызацыя адбываецца перш за ўсё праз тое, што рубель умацаваўся.
Тым не менш, пра татальны пераход на рублі, як гэта, напрыклад, адбываецца ў Расіі, дзе няма жорсткай прывязкі да даляра нават у такіх пытаннях, як кошт нерухомасці і аўто, у Беларусі пакуль казаць дакладна рана.
Але факта паступовай побытавай дэдалярызацыі не заўважыць складана.