Як беларускія ўлады імкнуліся пашырыць свой удзел у вайне супраць Украіны
Belpol апублікаваў шэраг дакументаў, якія, паводле аўтараў расследавання, сведчаць пра актыўны ўдзел беларускіх дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў у супрацоўніцтве з расійскім вайскова-прамысловым комплексам пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
Завод БелОМА. Фота: armtorg.ru
Сярод апублікаваных Belpol матэрыялаў — даведка аб праблемных пытаннях узаемадзеяння з Расійскай Федэрацыяй за подпісам намесніка міністра прамысловасці Аляксандра Казлова.
Згодна з гэтым дакументам, беларускі бок ў першы год вайны дамагаўся расійскага фінансавання для арганізацыі вытворчасці дэталяў да рэактыўных снарадаў калібра 122 мм на «Легмашы» і элементаў артылерыйскіх снарадаў калібра 152 мм на Мінскім падшыпнікавым заводзе. Планавалася, што закупкі такой прадукцыі будуць працягвацца не менш за пяць гадоў.
Як адзначаюць аўтары расследавання, вытворчасць кампанентаў для боепрыпасаў стала істотным фактарам росту для «Легмаша». Прадпрыемства, якое раней не адносілася да ліку найбольш паспяховых, павялічыла аб’ёмы вытворчасці і пачало пашыраць вытворчыя плошчы.
З той жа даведкі вынікае, што беларускі бок настойліва прапаноўваў Міністэрству абароны Расіі закупляць аўтамабілі МАЗ. Пастаўкі такой тэхнікі ў выніку былі арганізаваныя, а беларускія грузавікі, як заўважае Belpol, неаднаразова фіксаваліся ў зоне баявых дзеянняў.
У даведцы таксама згадваецца наведванне начальнікам Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення Міністэрства абароны Расіі прадпрыемства БелОМА восенню 2022 года. Падчас яго былі вызначаныя пералік і колькасць прадукцыі для патрэб вайсковага ведамства Расіі.
Аднак, як вынікае з ліста ад 14 лютага 2023 года кіраўніцтва холдынга на імя тагачаснага міністра прамысловасці Беларусі Аляксандра Рагожніка, першапачаткова прадпрыемству не атрымалася дасягнуць жаданага выніку. «БелОМА» працягвала даводзіць гатоўнасць пастаўляць прыцэлы і іншую аптычную прадукцыю. Праз год прадпрыемства здолела ўвайсці ў лік пастаўшчыкоў.
Расследавальнікі звяртаюць увагу, што пытанні вытворчасці прадукцыі вайсковага прызначэння абмяркоўваліся не толькі ў межах вайскова-прамысловых структур, але і на ўзроўні міністэрстваў прамысловасці Беларусі і Расіі.
Як вынікае з «Прапаноў да тэзісаў выступлення намесніка прэм’ер-міністра Беларусі В.М.Каранкевіча», падпісаных намеснікам міністра прамысловасці Казловым, у 2024 годзе для Міністэрства абароны Расіі было пастаўлена 105 161 адзінка аптычнай прадукцыі — прыцэлы розных тыпаў, далямеры, манакуляры і іншыя вырабы.
У дакуменце згадваюцца і іншыя беларускія прадпрыемствы, задзейнічаныя ў выкананні расійскіх абаронных заказаў. МАЗ адгружаў аўтамабілі, Гродзенскі механічны завод — аўтацыстэрны. УП «ІТЦ Гарызонт» — сістэмы адлюстравання інфармацыі. Завод «БАЗтьюб» у 2024 годзе адгрузіў расійскаму механічнаму заводу «Штамп» 60 300 загатовак карпусоў маршавых рухавікоў для рэактыўных снарадаў калібра 122 мм.
Мінскі падшыпнікавы завод заяўляў пра гатоўнасць рэалізаваць «інвестыцыйны праект па арганізацыі імпартазамяшчальнай вытворчасці … камплектных вырабаў» да артылерыйскага снарада калібра 152 мм. Планавалася, што іх выпуск дасягне 20 тысяч штук у месяц.
Паводле даведкі, беларускі Мінпрам падкрэсліваў гатоўнасць як мінімум захаваць наяўныя аб’ёмы вытворчасці прадукцыі вайсковага прызначэння для Расіі. Акрамя таго, міністэрства паведамляла расійскаму боку пра зацікаўленасць у пашырэнні вытворчасці і пра наяўнасць у Беларусі прадпрыемстваў з незагружанымі магутнасцямі, якія могуць быць выкарыстаныя для выпуску вырабаў «спецыяльнага прызначэння».
Пра ўдзел у каардынацыі супрацоўніцтва сведчаць дакументы, звязаныя з дзейнасцю вышэйшага вайсковага кіраўніцтва краіны. Belpol апублікаваў дакументы, якія тычацца камандзіроўкі міністра абароны Віктара Хрэніна ў Маскву 17 кастрычніка 2024 года.
У абгрунтаванні неабходнасці выдання распараджэння прэм’ер-міністра на камандзіроўку пазначана, што мэтай паездкі была актывізацыя стратэгічнага партнёрства ў сферы вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва з улікам патрэб Узброеных сіл РФ. Адной з задач камандзіроўкі называлася абмеркаванне пытанняў, звязаных з выпускам найбольш запатрабаваных узораў узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі «ў інтарэсах спецыяльнай ваеннай аперацыі».
Яшчэ адзін дакумент, датаваны 23 верасня 2024 года, — ліст за подпісам намесніка старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Беларусі Вячаслава Расалая. У ім ДзВПК тэрмінова запытваў звесткі пра колькасць вырабаў, гатовых да паставак з 2025 года ў «рэгіён 790». Паводле Belpol, у сістэме абазначэнняў ДзВПК гэты нумар адпавядае Расійскай Федэрацыі.
Такім чынам, апублікаваныя дакументы паказваюць, што ў выкананне расійскіх абаронных заказаў былі ўцягнутыя не толькі прадпрыемствы Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта, але і заводы сістэмы Міністэрства прамысловасці. Пры гэтым каардынацыя супрацоўніцтва, паводле матэрыялаў расследавання, рабілася на ўзроўні міністэрстваў, урада і вайсковага кіраўніцтва.
Чытайце таксама:
«Белпол»: З мая 2020 года ў Беларусі рэпрэсавана паўмільёна чалавек
«Белпол» апублікаваў дакумент аб браніраванні ваеннаабавязаных у перыяд мабілізацыі ў ваенны час