БЕЛ Ł РУС

Таццяну Мартынаву знялі з цягніка на польскай мяжы і забаранілі ўезд у ЕС на 10 гадоў

11.06.2026 / 11:25

Nashaniva.com

Яе чакае дэпартацыя ва Украіну.

Таццяна Мартынава

Члена Каардынацыйнай рады Таццяну Мартынаву затрымалі пры перасячэнні польска-ўкраінскай мяжы. Ёй анулявалі шэнгенскую візу і забаранілі ўезд у краіны Еўрапейскага саюза тэрмінам на 10 гадоў.

Пра гэта Таццяна Мартынава расказала «Нашай Ніве».

Паводле яе слоў, інцыдэнт адбыўся ў цягніку, які ехаў з Кіева ў Польшчу.

— Польскія памежнікі падчас праверкі дакументаў і адбіткаў пальцаў сказалі, што я павінна перасякаць мяжу праз іншы пункт пропуску. Пасля мяне знялі з цягніка разам з рэчамі і адвезлі на аўтамабільны памежны пераход. Там паведамілі, што мая шэнгенская віза анулюецца, мяне чакае дэпартацыя і забарона на ўезд у ЕС на дзесяць гадоў, — распавяла Таццяна Мартынава.

На момант размовы яна знаходзілася на польскім баку мяжы і чакала афармлення дакументаў.

— Зараз я на польскім пераходзе, чакаю пратакол. Ніхто нічога не тлумачыць, няма ніякай інфармацыі, са мной фактычна ніхто не размаўляе. Сказалі толькі, што дэпартацыя будзе не ў Беларусь. І на тым дзякуй, — кажа яна.

Таццяна Мартынава адзначае, што мае ўкраінскі дазвол на жыхарства, таму плануе вярнуцца ва Украіну.

— Мяркую, мяне павязуць назад на ўкраінскую мяжу. Буду выклікаць таксі і ехаць у Кіеў. Але я ехала ў Варшаву, у мяне там свае справы, свае планы… І што цяпер рабіць — я проста не ведаю.

Мартынава падкрэслівае, што раней не мела праблем з перасячэннем межаў краін Еўрасаюза.

— Апошні раз я перасякала мяжу ЕС летась. Увесь гэты час знаходзілася ва Украіне. У мяне няма ніводнага штрафу, ніякіх парушэнняў на тэрыторыі ЕС. Таму абсалютна незразумела, адкуль вецер дзьме.

Паводле яе слоў, прычыну рашэння польскі бок пакуль не агучыў.

— Хутчэй за ўсё, у пратаколе таксама не будзе пазначаная прычына забароны на ўезд. Але я буду абскарджваць гэтае рашэнне і падаваць апеляцыю.

Таццяна Мартынава прызнаецца, што ўпершыню апынулася ў падобнай сітуацыі.

— Калі ў цябе беларускі пашпарт, жыццё ператвараецца ў пекла. У нас няма сваёй краіны, мы з вамі міжнародныя бамжы. Упершыню ў жыцці я трапіла ў сітуацыю, калі не разумею, што адбываецца і што мне рабіць далей.

Таццяна Мартынава — былая вядучая АНТ, блогерка і заснавальніца грамадзянскай ініцыятывы «Хопіць баяцца». Беларусь яна пакінула ў ліпені 2020 года і апошнія гады жыве ва Украіне. У 2024‑м і 2026‑м гадах Мартынава ўдзельнічала ў выбарах у Каардынацыйную раду як лідарка спісу «Хопіць баяцца!», а сёння вядзе ўласныя медыйныя праекты і рэгулярна каментуе беларускія і ўкраінскія палітычныя падзеі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула