БЕЛ Ł РУС

Чаму нафта каштуе менш за $100, нягледзячы на вайну на Блізкім Усходзе? Адказ трэба шукаць у Кітаі

11.06.2026 / 11:35

Антось Жупран

Сусветная эканоміка сёння дэманструе нечаканую жыццяздольнасць, нягледзячы на маштабны ваенны канфлікт на Блізкім Усходзе. Галоўным чыннікам гэтай стабільнасці, як адзначае The Wall Street Journal, стала рэзкае зніжэнне попыту на нафту з боку Кітая, што дазволіла ўтрымаць сусветныя цэны ад катастрафічнага ўздыму. Але як кітайскай эканоміцы ўдаецца абыходзіцца без прыкладна трох мільёнаў барэляў нафты за дзень і як доўга гэта можа працягвацца?

Буксіры падводзяць нафтавы танкер да прычала для разгрузкі імпартнай нафты ў порце Ціндаа, правінцыя Шаньдун на ўсходзе Кітая. 11 красавіка 2026 года. Фота: Chinatopix / AP

Вайна вакол Ірана, удары ЗША і Ізраіля, пагрозы закрыцця Армузскага праліва — усё гэта яшчэ нядаўна прымушала аналітыкаў прагназаваць скачок цэн на нафту да 150—200 даляраў за барэль і новую сусветную рэцэсію. Аднак самы змрочны сцэнар не спраўдзіўся: нафта Brent па-ранейшаму каштуе менш за 100 даляраў за барэль.

Як адзначае WSJ, гэтую нечаканую ўстойлівасць рынку можна растлумачыць дзеяннямі двух найважнейшых гульцоў.

ЗША, якія застаюцца найбуйнейшым вытворцам нафты ў свеце, у красавіку і маі павялічылі экспарт сырой нафты да больш як 5 мільёнаў барэляў за дзень супраць сярэдніх 4 мільёнаў у апошнія гады. У той жа час Кітай — найбуйнейшы імпарцёр нафты — значна скараціў закупкі.

Паводле афіцыйнай кітайскай мытнай статыстыкі, у маі краіна імпартавала каля 7,8 мільёна барэляў нафты за дзень, уключаючы пастаўкі па трубаправодах з Расіі. Раней гэты паказчык складаў прыкладна 11 мільёнаў барэляў штодня. Такім чынам, з рынку нібыта «зніклі» каля 3 мільёнаў барэляў у дзень — прыкладна столькі ж нафты, колькі разам спажываюць Італія і Францыя.

Загадка трох мільёнаў барэляў

Першай і найбольш відавочнай версіяй выглядае выкарыстанне назапашаных запасаў нафты. Яшчэ да пачатку іранскага крызісу Кітай некалькі месяцаў актыўна закупляў танную расійскую і іранскую нафту, папаўняючы сховішчы. Паводле ацэнак аналітыкаў, агульны аб'ём кітайскіх рэзерваў складае ад 1 да 1,4 мільярда барэляў, хоць Пекін гэтых даных не раскрывае. Як адзначае WSJ, перад вайной краіна імпартавала больш нафты, чым патрабавала бягучае спажыванне, менавіта дзеля стварэння запасаў.

Аднак гэтым разгадку «зніклых» трох мільёнаў барэляў растлумачыць нельга. Паводле даных кампаніі Vortexa, толькі ў маі кітайскія спажыўцы пачалі прыкметна выкарыстоўваць назапашаную нафту — прыкладна па 500 тысяч барэляў за дзень. Гэта значна менш за аб'ём скарачэння імпарту.

Тым больш дзіўна, што маштабнае падзенне закупак пакуль амаль не адбілася на паўсядзённым жыцці краіны. Турысты працягваюць падарожнічаць, прадпрыемствы працуюць у звычайным рэжыме, а прыкмет дэфіцыту тавараў няма. Менавіта таму аналітыкі працягваюць шукаць адказ на пытанне, як Кітаю ўдаецца абыходзіцца без такой вялікай колькасці нафты.

Пошук заменнікаў

Аўтары прапануюць звярнуць увагу на сур’ёзныя змены ў транспартным сектары Кітая. Электрыфікаваная высакахуткасная чыгунка і бурны рост колькасці электрамабіляў пачалі актыўна выцясняць авіяпералёты на кароткія дыстанцыі і традыцыйныя аўто з рухавікамі ўнутранага згарання. Пры гэтым асноўную частку электраэнергіі Кітай атрымлівае з вугалю і аднаўляльных крыніц.

Падчас нацыянальных святаў у пачатку мая пасажырапаток у авіяцыі скараціўся на 5,7% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Адначасова чыгуначныя перавозкі выраслі на 4,6%.

Высакахуткасныя цягнікі на вакзале Нанкін-Поўдзень. 25 студзеня 2025 года. Фота: VCG / VCG via Getty Images

Аб'ём зарадкі электрамабіляў на аўтамагістралях у святочны перыяд павялічыўся на 53%. Паводле ацэнак Міністэрства транспарту Кітая, штодня ў гэтыя дні па дарогах ездзілі ў сярэднім 15,4 мільёна электрамабіляў. Гэта каля чвэрці ўсяго аўтатранспарту краіны і на 33% больш, чым годам раней.

Як піша WSJ, сёння транспартная сістэма Кітая значна больш разнастайная, чым падчас папярэдніх нафтавых крызісаў. Акрамя таго, у пачатку іранскай вайны Пекін увёў абмежаванні на экспарт транспартнага паліва, што дазволіла знізіць экспарт прыкладна на 500 тысяч барэляў за дзень.

НПЗ працуюць менш

Яшчэ адна зачэпка ў загадцы «трох мільёнаў барэляў» крыецца ў прамысловай перапрацоўцы. Вялікая доля нафты, якую імпартуе краіна, выкарыстоўваецца не для вытворчасці бензіну. Яна перапрацоўваецца ў сыравіну для хімічнай прамысловасці — напрыклад, этылен, неабходны для выпуску пластмас, упаковачных матэрыялаў і шырокага спектру прамысловых тавараў.

Як адзначае WSJ, апошнія некалькі гадоў попыт на бензін і дызельнае паліва ў Кітаі зніжаецца праз масавае распаўсюджванне электрамабіляў. Тым не менш агульны попыт на нафту працягваў расці, бо краіна імкліва нарошчвала магутнасці нафтахімічнай вытворчасці.

Нафтаперапрацоўчы і нафтахімічны комплекс Sinopec у кітайскім горадзе Нінбо. Фота: Eric Ng / South China Morning Post via Getty Images

Цяпер сітуацыя змяняецца. Паводле ацэнак Argus Media, і дзяржаўныя, і прыватныя нафтаперапрацоўчыя заводы значна скарацілі вытворчасць. Да мая загрузка НПЗ упала на 10%, а загрузка ўстановак паравога крэкінгу (якія расшчапляюць цяжкую вуглевадародную сыравіну, такую як нафта, на больш лёгкія хімічныя рэчывы) знізілася на 7%.

Аднак гэта стварае новыя рызыкі. Як адзначаецца ў матэрыяле, Кітаю ўжо пачынае не хапаць этылену і іншых нафтахімічных кампанентаў. Гэта азначае, што працяглае скарачэнне імпарту нафты можа павялічыць выдаткі вытворцаў і ў выніку негатыўна паўплываць на эканоміку.

Пасля некалькіх гадоў зніжэння цэны вытворцаў у Кітаі ў маі выраслі на 3,9%. Калі інфляцыйны ціск узмоцніцца, гэта можа аслабіць канкурэнтаздольнасць кітайскага экспарту на сусветных рынках.

Што будзе далей

Што тычыцца далейшага развіцця падзей, то на погляд аўтара, сітуацыя застаецца неадназначнай. З аднаго боку, надыход летняга сезону звычайна патрабуе павелічэння закупак нафты. Трэйдары будуць уважліва сачыць за тым, ці вернецца Кітай на спотавы рынак у найбліжэйшыя тыдні. Пакуль складана адрозніць часовыя змены ў попыце ад глыбокіх структурных зрухаў, такіх як пераход на вугальную сыравіну ў нафтахіміі.

Аднак, як лічаць эксперты Vortexa, Кітай можа дазволіць сабе і далей ігнараваць высокія сусветныя цэны.

Рэзервы краіны настолькі вялікія, што нават пры павелічэнні тэмпу іх выкарыстання да мільёна барэляў у суткі, толькі камерцыйных запасаў хопіць яшчэ на шэсць месяцаў. Менавіта таму здольнасць краіны падтрымліваць адносна нізкі попыт на нафту і стрымліваць сусветныя цэны можа захавацца яшчэ даволі доўга.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула