Вучыч заявіў, што хутка пакіне прэзідэнцкую пасаду
І ўжо пачаў вызваляць прэзідэнцкі офіс.
Аляксандр Вучыч. Фота: AP Photo / Darko Vojinovic
Аляксандр Вучыч у інтэрв'ю «Радыё Бялград» выказаў меркаванне, што пакіне сваю пасаду праз «тры-чатыры месяцы», а магчыма, і раней. Прэзідэнт Сербіі адзначыў, што ўжо пачаў паступова вызваляць свой офіс.
«Я пачаў збіраць свае кнігі ў прэзідэнцкай канцылярыі. Я спытаў у сваіх сяброў, хто можа прыняць 500 кніг. Я перадам у дар 1200 кніг, якія атрымаў за час свайго знаходжання на пасадзе, нейкай установе, толькі яшчэ думаю якой менавіта», — сказаў ён.
Вучыч таксама прызнаўся, што разглядае магчымасць вылучэння на пасаду прэм'ер-міністра, а таксама шукае годнага пераемніка на прэзідэнцкую пасаду ад дзейнай улады.
Будучага кандыдата ў прэзідэнты ён ахарактарызаваў як «адказнага, адукаванага і энергічнага чалавека, які ведае, што такое дзяржава і як яна функцыянуе».
Вучыч займае пасаду прэзідэнта Сербіі з ліпеня 2017 года, яго другі тэрмін сканчаецца праз год.