ЗША ўвялі санкцыі супраць фірмы ў Беларусі, якая дапамагала Ірану купляць ПЗРК у Кітаі
Дзяржаўны дэпартамент ЗША абвясціў пра ўвядзенне новых санкцый супраць шэрагу юрыдычных і фізічных асоб. Усе яны датычныя да закупак зброі і вайсковага абсталявання для патрэб іранскай арміі. Ёсць там беларускі след.
Пад абмежаванні патрапілі кампаніі і асобы, якія арганізоўвалі ценявыя ланцужкі паставак узбраенняў у абыход міжнародных забарон, у тым ліку з прыцягненнем кітайскіх вытворцаў.
Згодна з афіцыйным прэс-рэлізам Дзярждэпартамента, ключавым пасярэднікам у адной з буйных зброевых схем выступала зарэгістраваная ў Беларусі кампанія Armory Alliance.
Паводле амерыканскага боку, кампанія з'яўлялася сувязным звяном паміж кітайскімі вытворцамі і Тэгеранам. Яна непасрэдна займалася арганізацыяй і суправаджэннем закупкі сотняў пераносных зенітна-ракетных комплексаў.
Каб абысці санкцыі, пастаўкі зенітных ракет з Кітая ў Іран спрабавалі пусціць праз трэція краіны, падчышчаючы дакументы, змяняючы краіну паходжання грузу і хаваючы рэальнага канчатковага пакупніка — іранскае войска.
Разам з самой кампаніяй пад персанальныя санкцыі патрапіў яе супрацоўнік — грамадзянін Ірана Махамадмахдзі Малекі, які жыве ў Беларусі і непасрэдна курыраваў гэтыя зброевыя кантракты. Раней, у маі 2026 года, гэтая ж кампанія ўжо патрапілі пад абмежаванні Мінфіна ЗША, цяпер жа санкцыі пашырыліся па лініі Дзярждэпартамента.