Пакістан нанёс авіяўдары па тэрыторыі Афганістана
Пакістанская авіяцыя нанесла ўдары па раёнах уздоўж мяжы з Афганістанам, што стала першым сур’ёзным абвастрэннем пасля некалькіх месяцаў адноснага зацішша паміж дзвюма краінамі, паведамляе Бі-бі-сі.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Stringer/Anadolu via Getty Image
Міністр інфармацыі Пакістана Атаўла Тарар паведаміў, што падчас «кропкавых удараў» паразілі чатыры аб’екты, якія, паводле сцвярджэння Ісламабада, выкарыстоўваліся ўзброенымі групамі. Пакістан заяўляе пра гібель 26 баевікоў. Паводле ўладаў краіны, аперацыя стала адказам на нядаўнія тэрарыстычныя напады на тэрыторыі Пакістана. Сярод цэляў называліся базы, навучальны цэнтр і сховішчы боепрыпасаў.
Прадстаўнік урада Талібану Забіхула Муджахід заявіў, што ўдары былі нанесеныя па тэрыторыі афганскіх правінцый Кунар, Хост і Пактыка. Паводле яго слоў, у выніку загінулі 13 мірных жыхароў, у тым ліку 11 дзяцей, адна жанчына і адзін пажылы мужчына.
Пакістан працяглы час абвінавачвае афганскія ўлады ў тым, што на тэрыторыі краіны знаходзяцца групоўкі, якія арганізуюць напады ў Пакістане. Урад Талібану адмаўляе гэтыя абвінавачанні і сцвярджае, што Афганістан не дазваляе выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для пагрозы іншым дзяржавам.
У кастрычніку мінулага года бакі дамовіліся аб спыненні агню пасля серыі крывавых памежных сутыкненняў. Адноснае зацішша працягвалася да апошніх падзей, хаця асобныя інцыдэнты на мяжы працягвалі адбывацца.
Чытайце таксама:
Свет на вайне. Летась зафіксавалі рэкордную колькасць канфліктаў з часоў Другой сусветнай
Талібы дазволілі мужчынам жаніцца з дзевяцігадовымі дзяўчынкамі
У Пакістане ўзарвалі бомбу на базары, дзевяць загінулых
Ахвотным наведаць Афганістан цяпер можна зрабіць гэта прасцей