Стала вядома прычына смерці мужчыны з Мазыра, якога шукалі амаль месяц
Судовыя эксперты высветлілі прычыну смерці жыхара Мазыра 1951 года нараджэння, цела якога было знойдзена ў лясным масіве ў сярэдзіне мая пасля працяглых пошукаў, якія зацягнуліся амаль на месяц, піша «Гомельская праўда».
Фота: Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз
Паводле заключэння экспертаў, мужчына памёр у выніку захворвання сэрца.
Заява аб знікненні мужчыны паступіла ў Мазырскі РАУС 19 красавіка. Сваякі паведамілі, што за некалькі дзён да гэтага ён патэлефанаваў і сказаў, што заблукаў у лесе. Пры гэтым мужчына папрасіў не выклікаць ратавальнікаў, бо быў упэўнены, што самастойна зможа выйсці да дарогі, паколькі чуў шум трасы.
На жаль, самастойна выбрацца з лесу яму не ўдалося.
Пошукі працягваліся каля месяца. Месцазнаходжанне загінулага дапамог вызначыць сабака пошукава-выратавальнага атрада «Сімуран», пасля чаго цела было знойдзена ў лясным масіве Мазырскага раёна.
Па гэтым факце Мазырскі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку.
Сумная гісторыя яшчэ раз нагадвае, што ў выпадку страты арыентацыі ў лесе або іншай надзвычайнай сітуацыі важна як мага хутчэй звяртацца па дапамогу да ратавальнікаў і не спадзявацца толькі на ўласныя сілы.
Чытайце таксама:
У Пухавіцкім раёне ў лесе заблудзіўся пенсіянер
ДТЗ у Буда-Кашалёўскім раёне: машына ўрэзалася ў бетонны паркан, кіроўца загінуў