Партыя Пашыняна ўпэўнена перамагае. Той паспяшыў абвясціць аб перамозе, хоць пакуль падлічана 20% галасоў
Ён адзначыў, што «Грамадзянская дамова» аднаасобна сфармуе ўрад.
Нікол Пашынян правёў прэс-канферэнцыю пасля выбараў. Фота: AP Photo/Anthony Pizzoferrato
Прэм'ер-міністр і лідар партыі «Грамадзянская дамова» Нікол Пашынян паспяшыў заявіць пра перамогу сваёй партыі, хоць Цэнтральная выбарчая камісія яшчэ не паспела апрацаваць і 20 працэнтаў бюлетэняў.
Нікол Пашынян таксама адзначыў, што «Грамадзянская дамова» аднаасобна сфармуе ўрад.
«Выказваю ўдзячнасць усім грамадзянам Рэспублікі Арменія, якія найперш прынялі ўдзел у выбарах і прагаласавалі паводле сваёй свабоднай волі. І хачу падкрэсліць, што ў параўнанні з 2021 годам «Грамадзянская дамова» атрымала галасы большай колькасці грамадзян Рэспублікі Арменія, вотум даверу большай колькасці грамадзян. Гэта ўскладае на нас вялікую адказнасць і азначае, што грамадзянін Рэспублікі Арменія застаўся гаспадаром сваёй дзяржавы, гаспадаром незалежнасці, гаспадаром будучыні, гаспадаром міру», — цытуе Пашыняна news.am.
Раней па выніках апрацоўкі 145 тысяч бюлетэняў з 420 участкаў партыя «Грамадзянская дамова» мела 55%. У «Моцнай Арменіі» прарасійскага мільярдэра Самвела Карапецяна — 22%.