Скасаваныя ахоўныя зоны палаца Патоцкіх і замка Сапегаў у Высокім. На іх тэрыторыі пабудуюць басейн «Нырэц»
Міністэрства культуры цалкам скасавала праект зон аховы палацава-паркавага ансамбля ХVII—XIX стагоддзяў, не зацвердзіўшы новага дакумента. Спецыялісты кажуць, што гэта першы такі выпадак.
Порцік палаца Патоцкіх у Высокім. Злева за кадрам адразу пачынаюцца будынкі школы-інтэрнату, прызнанага ў праекце зон аховы помніка дысгарманічнымі. Фота: Гугл Карты
Пастанова, прынятая 2 чэрвеня 2026 года, скасавала дакумент, якім вызначаліся ахоўныя зоны палацава-паркавага ансамбля ў Высокім Камянецкага раёна. Новае рашэнне набывае моц з 1 ліпеня 2026 года, пакідаючы помнік фактычна без абароненых межаў і зразумелых рэгламентаў забудовы, заўважыў тэлеграм-канал «Спадчына».
Ансамбль складаецца з рэшткаў земляных валоў і ўязной брамы замка Сапегаў XVII стагоддзя, а таксама мураванага палаца Патоцкіх 1815 года і пейзажнага парку. Увесь ансамбль мае статус гістарычна-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння (2‑й катэгорыі).
Як адзначаюць спецыялісты, сітуацыя з'яўляецца нетыповай: звычайна стары праект адмяняецца адначасова з прыняццем новага.
Рэндар праекта новага басейна на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу ў Высокім. Фота з дакументацыі грамадскага абмеркавання
Рэндар праекта новага басейна на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу ў Высокім. Фота з дакументацыі грамадскага абмеркавання
Рэндар праекта новага басейна на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу ў Высокім. Фота з дакументацыі грамадскага абмеркавання
Магчымай прычынай юрыдычнай калізіі можа быць тое, што на тэрыторыі гістарычнай сядзібы мясцовыя ўлады плануюць узвесці фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам пад назвай «Нырэц».
Грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі праходзіла ў лютым 2026 года. Згодна з праектам, распрацаваным «Брэстпраектам» на заказ Упраўлення капітальнага будаўніцтва Камянецкага раёна, будынак памерам 24 на 48 метраў размесціцца ў цэнтральнай частцы горада, паміж вуліцай Леніна і ракой Пульва, побач з тэрыторыяй існуючай санаторнай школы-інтэрната. Прадугледжваецца таксама будаўніцтва асобнай кацельні і паркоўкі.
Генеральны план новага басейна на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу ў Высокім. Фота з дакументацыі грамадскага абмеркавання
Месца непасрэдна на тэрыторыі помніка архітэктуры (зялёным), дзе збіраюцца пабудаваць новы басейн. Шматлікія існуючыя дысгарманічныя аб’екты на схеме вылучаны контурам і закрэслены. Фота з праекта зон аховы.
У скасаваным дакуменце 2015 года існуючыя пабудовы вакол гэтай пляцоўкі, у тым ліку савецкая школа-інтэрнат, былі прызнаныя дысгарманічнымі і рэкамендаваліся да вынасу па меры фізічнага зносу для захавання цэласнасці помніка. Цяпер улады спрабуюць уціснуць на гэтую тэрыторыю яшчэ адзін буйны будынак.
Акрамя таго, у архітэктурна-планіровачным заданні на праектаванне басейна закладзена неабходнасць распрацоўкі праекта з улікам карэктавання і межаў палацава-паркавага ансамбля, неабходнасць якой не тлумачылася.
Фармальна да прыняцця новага праекта зон аховы распрацоўка праектнай дакументацыі для гэтай тэрыторыі цалкам забаронена.