У аптэках прапаў папулярны антыдэпрэсант флуаксецін
Паводле даных Tabletka.by, у продажы цяпер адлюстроўваецца толькі адзін варыянт прэпарата — флуаксецін 20 мг №20 расійскага вытворцы «Азон».
У спісе аптэк бачныя адзінкавыя пункты ў Брэсцкай вобласці: Кобрын, Бяроза, Брэст, Жабінка. Яшчэ нядаўна яго можна было набыць у большасці аптэк Беларусі, пішуць «Белыя халаты».
Флуаксецін — адносна стары прэпарат, але ён не адышоў у медыцынскі архіў. СААЗ уключае яго ў мадэльны спіс асноўных лекавых сродкаў. Гэта прэпарат для лячэння дэпрэсіі, абсэсіўна-кампульсіўнага разладу (АКР), буліміі і панічнага разладу; асобна ў інструкцыі пазначана камбінацыя флуаксеціну з аланзапінам для дэпрэсіўных эпізодаў пры біпалярным разладзе I тыпу і для рэзістэнтнай дэпрэсіі. Такім чынам, яго знікненне ўплывае адразу на некалькі груп пацыентаў.
У прэпарата ёсць некалькі ўласцівасцяў, дзякуючы якім дактары працягваюць актыўна яго прызначаць:
- ён можа выкарыстоўвацца пры нервовай буліміі, і для гэтай групы пацыентаў выбар часта вельмі абмежаваны.
- Ёсць педыятрычныя паказанні: у інструкцыі флуаксецін паказаны для лячэння дэпрэсіі ў дзяцей ад 8 гадоў і АКР у дзяцей ад 7 гадоў.
- У яго доўгі перыяд вывядзення: актыўнае рэчыва і метабаліт застаюцца ў арганізме даўжэй, чым у многіх іншых антыдэпрэсантаў. Для пацыентаў, якія часам забываюць прыняць таблетку, гэта зніжае рызыку рэзкага пагаршэння ад аднаго пропуску.
Таксама ён вельмі танны. Упакоўка расійскага флуаксеціну 20 мг №20 каштавала каля 2,78—2,79 рубля. Гэта стандартная доза, яна можа быць у тры разы вышэй, але нават у гэтым выпадку кошт лячэння на месяц складае менш за 9 рублёў.
Наступствы знікнення флуаксеціну залежаць ад дыягназу і схемы лячэння. Частка пацыентаў можа перайсці на іншы антыдэпрэсант. Для часткі гэты пераход непажаданы: флуаксецін маглі прызначыць пасля няўдалых спроб лячэння іншымі прэпаратамі. Пры біпалярным расстройстве замена складанейшая, бо мяняць даводзіцца не адну таблетку, а ўсю схему. Пры буліміі поле для манеўру яшчэ ёсць.
Асобная рызыка — самастойнае чаканне. Калі ў чалавека скончыўся флуаксецін, а ён проста чакае з’яўлення прэпарата ў аптэках, стан можа пагоршыцца.
Што рабіць пацыентам?
Калі запас флуаксеціну ёсць хоць бы на месяц, рэзкіх дзеянняў можа не спатрэбіцца: магчыма, пастаўка з’явіцца раней.
Калі прэпарата засталося мала або ён ужо скончыўся, важна не адкладваць, звязацца са сваім доктарам і абмеркаваць замену. Самастойна мяняць дазіроўку, дзяліць схему «як атрымаецца» або перарываць лячэнне без кансультацыі — дрэнная ідэя.
На будучыню пацыентам, якія пастаянна прымаюць флуаксецін, варта трымаць запас прыкладна на месяц. Гэта непрыемная парада, бо пацыенты не павінны страхаваць сябе.