БЕЛ Ł РУС

У Японіі на чатырох людзей напаў надзвычай кемлівы мядзведзь

5.06.2026 / 19:48

Станіслаў Покуць

У японскай прэфектуры Фукусіма працягваюцца пошукі мядзведзя, які напаў на чатырох чалавек і здзівіў улады сваёй незвычайнай кемлівасцю, паведамляе The Mirror.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com

Спачатку драпежнік атакаваў работніка на паркоўцы аднаго з прадпрыемстваў. Мужчыну ўдалося выратавацца толькі дзякуючы кіроўцу аўтамабіля, які адганяў мядзведзя машынай. Затым жывёліна забегла ў суседні офісны будынак, дзе напала яшчэ на аднаго чалавека, а пасля параніла яшчэ двух.

Пазней мядзведзь пранік на завод электронікі. Паводле сведчанняў работнікаў, ён самастойна адкрыў кран і піў з яго ваду.

Для адлову жывёліны былі задзейнічаны спецыяльныя службы, якія выкарыстоўвалі стрэльбы са снатворным. Каля ўваходаў паставілі пасткі, але мядзведзь здолеў пазбегнуць іх. Як паведамляецца, ён самастойна адкрыў замкнёнае акно і ўцёк з будынка.

Прадстаўнікі мясцовых улад адзначылі, што ў жывёліну трапіў транквілізатар, аднак па невядомай прычыне прэпарат не падзейнічаў. Мэр горада Юкі Баба назваў мядзведзя надзвычай разумным, звярнуўшы ўвагу на яго здольнасць карыстацца кранам і адчыняць акно.

Да пошукаў далучыліся паліцыя, паляўнічыя, дзяржаўныя службы і аператары дронаў. Пакуль што знайсці жывёліну не ўдалося.

З-за пагрозы нападаў школы ў раёне часова закрываліся, але цяпер аднавілі працу з дадатковымі мерамі бяспекі.

Паводле японскіх СМІ, за апошні год у краіне ад нападаў мядзведзяў загінулі 13 чалавек, а колькасць сур'ёзных інцыдэнтаў дасягнула рэкорднага ўзроўню. Спецыялісты звязваюць гэта са змяненнем клімату, недахопам корму ў дзікай прыродзе і скарачэннем насельніцтва ў сельскай мясцовасці. У сувязі з гэтым Японія нават змяніла заканадаўства, дазволіўшы ў асобных надзвычайных выпадках выкарыстоўваць агнястрэльную зброю супраць мядзведзяў у населеных пунктах.

Чытайце таксама:

У Японіі змагаюцца з мядзведзямі пры дапамозе «ваўкоў-монстраў» з чырвонымі вачыма

Рысь, якая гуляе, мядзведзь і фламінга на фоне правадоў. За каго галасавалі гледачы на конкурсе «Фатограф дзікай прыроды года»

Украінца, які хацеў патаемна перабрацца ў Румынію, на мяжы затрымала сапраўдная мядзведзіца

«Вось яшчэ такі сюрпрыз». Мядзведзя заўважылі за 25 кіламетраў ад Мінска

Дзяўчынка сустрэла на лецішчы мядзведзя. Ён мірна адпачываў у двары

Каментары да артыкула