У візавыя цэнтры Польшчы будуць запісваць па-новаму
З 8 чэрвеня ў польскіх візавых цэнтрах змяняецца парадак запісу на падачу дакументаў. Для ўсіх катэгорый заяўнікаў і ўсіх тыпаў віз будзе ўведзены верыфікаваны ліст чакання, паведамляе visa.vfsglobal.by.
Здымак ілюстрацыйны
Пасля праходжання ўсіх неабходных этапаў рэгістрацыі заяўнік больш не будзе адразу выбіраць дату падачы дакументаў. Замест гэтага яго ўключаць у спіс чакання для атрымання свабоднага слота.
Пры гэтым без зменаў застаюцца асноўныя этапы працэдуры:
- стварэнне і актывацыя ўліковага запісу;
- выбар візавага цэнтра, катэгорыі і падкатэгорыі візы;
- загрузка фатаграфіі пашпарта і аўтаматычнае запаўненне даных;
- праходжанне праверкі асобы.
Пасля паспяховай верыфікацыі заяўка будзе дададзена ў спіс чакання. Заяўнік атрымае электронны ліст з пацвярджэннем і рэгістрацыйным нумарам.
Калі з'явяцца свабодныя месцы для падачы дакументаў, на электронную пошту прыйдзе паведамленне з магчымасцю забраніраваць дату і час візіту.
На браніраванне будзе адведзена 48 гадзін. Калі за гэты час слот не будзе выбраны, заяўку выдаляць са спісу чакання.
Таксама паведамляецца, што пры знікненні неабходнасці ў падачы дакументаў заяўнік можа самастойна адмяніць сваю рэгістрацыю ў спісе чакання праз асабісты кабінет у сістэме VFS.
Чытайце таксама:
Пасольства Польшчы ў Мінску змяніла парадак падачы заявы на візу па карце паляка
Польскія візавыя цэнтры запусцілі мабільны дадатак для падачы заявы на візу
«Пасля пяцігадовай візы далі на тры месяцы». Як беларусы цяпер атрымліваюць шэнген