Амерыканец, які атрымаў прытулак у Беларусі, вярнуўся ў ЗША
Эван Ньюман нават адкрыў у Брэсце рэстаран.
У Беларусь Эван Ньюман дабіраўся праз Украіну, перайшоўшы мяжу нелегальна ў верасні 2021 года. Амерыканца адразу ж паказалі па дзяржаўным тэлебачанні, менш чым праз год далі палітычны прытулак, нагадвае гісторыю ўцёкаў Радыё Свабода.
На радзіме, у ЗША, Ньюмана падазравалі ў 14 злачынных эпізодах, у тым ліку ў штурме дзяржаўнага будынка і нападзе на афіцэраў паліцыі.
Неўзабаве пасля атрымання статусу палітычнага ўцекача Ньюман асеў у Брэсце, дзе пачаў працаваць рэпетытарам англійскай мовы для дзяцей, а затым адкрыў рэстаран амерыканскай кухні Route 66. «Мяне здзівіла, якія ў вас чыстыя вуліцы і як усё дакладна арганізавана, — расказваў Ньюман у адным з інтэрв’ю беларускім прапагандыстам. — Аўтобусы ездзяць пастаянна, цягнікі ездзяць пастаянна. Гэта прыемна здзівіла».
Увосень 2024 года пасаду прэзідэнта ЗША заняў Дональд Трамп, Ньюман стаў яго актыўным прыхільнікам. Зімой 2025 года Трамп памілаваў Ньюмана разам з іншымі ўдзельнікамі штурму Капітолія.
Некаторы час пасля гэтага амерыканец заставаўся ў Брэсце. Але ўжо летам 2025 года сацсеткі Route 66 перасталі абнаўляцца, а па адрасе амерыканскага рэстарана з’явілася іншая ўстанова.
«Яны закрыліся летам яшчэ», — сказалі там «Свабодзе» пра лёс брэсцкага бізнесу Ньюмана.
Як стала вядома «Свабодзе», у цэнтры вывучэння англійскай мовы, дзе амерыканец працаваў пасля атрымання палітычнага прытулку ў Беларусі, яго таксама больш няма.
Некалькі крыніц пацвердзілі, што неўзабаве пасля памілавання Ньюман вярнуўся ў ЗША.