«What Now, Mr. Wolf?». Культавая кніга Евы Вежнавец выйшла па-англійску
У ірландскім выдавецтве Bullaun Press выйшла аповесць Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» у перакладзе на ангельскую мову. «What Now, Mr. Wolf?» — так гучыць англамоўная назва кнігі, перакладзенай Элай і Джымам Дынглі, піша bellit.info.
Кніга выйшла ў дзвюх версіях: электроннай і папяровай. Дызайн вокладкі належыць Найлу Маккормаку.
Аповесць Евы Вежнавец у перакладзе на ангельскую мову можна купіць праз сайт выдавецтва Bullaunpress.com, а таксама праз маркетплэйсы, напрыклад, на Amazon.co.uk.
«Па што ідзеш, воўча?» ужо была перакладзена ці перакладаецца на некалькі еўрапейскіх моў. Сярод іншага ёсць нямецкае выданне ў перакладзе Ціны Вюншман, чэшскае выданне ў перакладзе Макса Шчура, Марына Хобель пераклала твор на нарвежскую, таксама аповесць выйшла па-дацку ў перакладзе Гаральда Гартвіга, а Малгажата Бухалік пераклала твор на польскую мову.