На Форуме імя Касцюшкі ў Гданьску Лех Валенса атрымаў беларускую ўзнагароду, а Алесь Бяляцкі — польскую
У Гданьску праходзіць 2‑і Касцюшкаўскі форум у падтрымку еўрапейскай будучыні Беларусі. Ён прысвечаны ролі культуры ў змаганні беларусаў за свае правы і стратэгіі вяртання Беларусі ў агульнаеўрапейскую прастору, піша Радыё Свабода.
Сярод запрошаных — беларускія дэмакратычныя палітыкі ў выгнанні, лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і Лех Валенса, а таксама віцэ-прэм’ер і міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. МЗС Польшчы з нагоды форуму заявіла:
«Мы арганізуем Касцюшкаўскі форум, перакананыя, што культура — гэта платформа, на якой будуецца салідарнасць паміж народамі і дае голас тым, хто патрабуе грамадзянскіх правоў. Больш за тое, гэта практычны інструмент для пабудовы даверу і доўгатэрміновых адносін паміж беларускімі палітычнымі і сацыяльнымі дзеячамі і іх партнёрамі з Польшчы, Украіны, Літвы і іншых еўрапейскіх краін».
Дзякуючы дыялогу ў культуры дэмакратычная Беларусь становіцца ўдзельнікам агульнаеўрапейскай прасторы супрацоўніцтва, а не пустым месцам ці аб’ектам сучаснай палітыкі, — заяўляе арганізатар форуму — Міністэрства замежных спраў Польшчы.
«Гэта робіць Еўропу больш устойлівай да аўтарытарызму, умацоўвае еўрапейскую бяспеку і ўяўляе сабой інвестыцыю ў агульную будучыню, заснаваную на ўзаемным даверы і адказнасці», — лічыць МЗС Польшчы.
Форум праходзіць з удзелам кіраўніка польскай дыпламатыі Радаслава Сікорскага, былога прэзідэнта Польшчы Леха Валенсы, а таксама палітыкаў з Еўрапейскага саюза і Украіны.
Святлана Ціханоўская выступіла на форуме па відэасувязі. Яна заявіла, што беларусы і палякі разам змагаліся за свабоду, вітала вызваленых палітвязняў, у тым ліку Алеся Бяляцкага, Анджэя Пачобута, і падкрэсліла, што працягвае змаганне за ўсіх палітвязняў і рэпрэсаваных у Беларусі.
Ад імя Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка уручыў Крыж добрасуседства былому прэзідэнту Польшчы Леху Валенсе. Узнагароду на цырымоніі атрымаў яго сын Богдан.
У сваёй прамове Бяляцкі адзначыў прынцып салідарнасці як аснову свайго жыцця, а таксама каштоўнасць супольнай барацьбы супраць таталітарызму і імперыялізму. Ён заявіў:
«Салідарнасць для мяне асабліва пачэсная. Салідарнасць у абароне фундаментальных правоў чалавека, у абароне вязняў сумлення і права народа на незалежны шлях. Калі салідарнасць перасягае нацыянальныя межы, яе немагчыма задушыць».
Бяляцкі таксама падкрэсліў, што беларускі народ не змірыўся і што Беларусь абавязкова стане вольнай.
На форуме таксама ўшанавалі жонку Алеся Бяляцкага Наталлю Пінчук за яе дзейнасць у падтрымку дэмакратычнай Беларусі.
Першы міжнародны Касцюшкаўскі форум адбыўся ў Гданьску 3—4 лютага 2025 года і быў прысвечаны стратэгічнаму бачанню вяртання Беларусі ў еўрапейскую сям’ю.
Таксама ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці 3 чэрвеня адбудзецца адкрытая сустрэча з Алесям Бяляцкім.