Ціханоўская расказала пра самае простае бацькоўскае жаданне
Дэмакратычная лідарка распаўсюдзіла зварот да Міжнароднага дня абароны дзяцей, які адзначаецца 1 чэрвеня.
Фота з тэлеграм-канала Святланы Ціханоўскай
«Для бацькоў няма нічога даражэйшага за дзяцей. Часта амаль усё, што мы робім, мы робім з думкай пра іх. Каб яны маглі расці, памыляцца, марыць. Каб у іх атрымалася тое, што не атрымалася ў нас. Я мама двух дзяцей. І я ведаю адчуванне, калі глядзіш на дзяцей і думаеш: хай у вас будзе лепшае жыццё.
Хай у вас будзе больш магчымасцяў. Няхай вы будзеце шчаслівейшыя за нас. Гэта, напэўна, самае натуральнае бацькоўскае жаданне», — піша Святлана Ціханоўская.
На яе думку, яно здаецца такім простым, але рэчаіснасць у Беларусі зараз зусім іншая.
«Дзяцінства ўсё часцей азначае, што трэба вучыцца маўчаць падпарадкоўвацца, бо рэжым бачыць у дзецях не асобаў са сваім характарам і марамі. Ён бачыць будучых «правільных» грамадзянаў.
Але ж ці гэтага мы хочам для нашых дзяцей? Мяркую, што кожная мама са мной пагадзіцца — дзеці маюць права расці інакш. Вучыцца думаць крытычна і самастойна, задаваць пытанні, спрачацца, рабіць свой, няхай і няправільны выбар.
Беларускім дзецям часта бывае вельмі складана.
Мае дзеці былі маленькімі, калі мы з’ехалі з Беларусі, але яны добра ведаюць, што ў нашай краіне дыктатура і мы не можам вярнуцца дадому. Ёсць тыя, чыі бацькі ў турме і не могуць быць побач. Ёсць тыя, хто расце далёка ад дому, і тыя, хто занадта рана навучыўся быць асцярожным: што можна сказаць у школе, а пра што лепш маўчаць. За ўсім гэтым — жыццё дзіцяці, якому вельмі патрэбная магчымасць проста быць дзіцём.
Абарона дзяцей — гэта не толькі пра бяспеку. Гэта пра права жыць дома, быць побач з бацькамі і роднымі. Права на свабоду задаваць нязручныя пытанні, спрачацца, памыляцца і марыць. На тое, каб расці ў краіне, дзе сапраўды можна насалоджвацца дзяцінствам і не баяцца. І гэта менавіта тое, за што мы змагаемся — за лепшую будучыню для нашых дзяцей», — мяркуе Святлана Ціханоўская.