«Алеся» і «Марыя» пройдуць пад Свіслаччу. Як у сталіцы будуюць трэцюю лінію метро
У Мінску працягваецца ўзвядзенне чарговага ўчастка Зеленалужскай лініі метро — у кірунку плошчы Бангалор. Да працы прыступіў другі тунэлепраходчы механізаваны комплекс. Пра ход будаўніцтва «Мінск-Навінам» распавёў кіраўнік Дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна Іван Мікульскі.
Ідуць на глыбіню
— На дадзеным участку будуюць тры станцыйныя комплексы — «Парк Дружбы народаў», «Камароўская» і «Пярэспа», — нагадвае Мікульскі. — Для гэтага ўчастка падземкі характэрны перакладка вялікай колькасці інжынерных сетак, а таксама высокі ўзровень грунтавых вод і пераход праз раку Свіслач. Свае карэктывы ў мінулыя месяцы ў графік дзейнасці метрабудаўнікоў унесла суровая і вельмі снежная зіма.
Усе новыя станцыі нізкага залажэння — 15—16 м. Канструкцыі «Камароўскай» і «Пярэспы» калонныя трохпралётныя, «Парку Дружбы народаў» — скляпеністая.
Па словах суразмоўцы, зараз будаўніча-мантажныя работы ідуць адначасова на некалькіх аб’ектах, у тым з ліку ў абаротных тупіках працягласцю каля 250 м паміж пл. Бангалор і вул. Някрасава.
Тым часам на будучай станцыі «Парк Дружбы народаў» ужо ўзведзена частка вестыбюля № 1 з сумешчанай цягава-паніжальнай падстанцыяй. Засталося зладзіць з правага боку дарожны аб’езд: яго пакуль стрымлівае пераключэнне цеплатрасы, якое правядуць у найбліжэйшы час.
— У межах станцыі «Камароўская» на скрыжаванні вул. М. Багдановіча і В. Харужай практычна ўсе інжынерныя камунікацыі ўжо перанесены, — працягвае Мікульскі. — 9 мая запушчаны аб’езд, цяпер рыхтуецца будпляцоўка. Затым працягнуцца збудаванне сцяны ў грунце — агараджальнай бетоннай канструкцыі, мацаванне ярусаў катлавана і выемка грунту. Прыкладна напалову гэтыя работы ўжо выкананы.
На станцыі «Пярэспа» таксама гатовы аб’язныя шляхі паміж пр. Машэрава і вул. Кропаткіна. Зараз тут усталёўваюць агароджу будучай будпляцоўкі.
«Парк Дружбы народаў»
Парная праходка
Ад «Парку Дружбы народаў» у бок «Юбілейнай плошчы» яшчэ ў чэрвені мінулага года па левым боку стартаваў тунэлепраходчы механізаваны комплекс «Алеся». Шчыт ужо пераадолеў на раніцу 26 мая 1 593 м. Нядаўна былі праведзены рэгламентныя тэхнічныя работы па замене рэжучага інструмента, і ён зноў пачаў праходку.
Яму яшчэ трэба прайсці да «Юбілейной плошчы» менш за 2 000 м.
У Кітаі для павелічэння тэмпаў будаўніцтва падземкі быў набыты новы тунэлепраходчы комплекс, названы «Марыя». Пасля завяршэння зборкі ён пачаў 27 мая праходку па правым боку тунэля. Тэхнічныя параметры новага шчыта па вазе, даўжыні і праходцы падобныя да «Алесі».
Асобны і складаны аб’ект — пераход праз раку Свіслач у раёне гасцініцы «Юбілейная», пад якой пасля пройдуць абодва праходчыя комплексы. У яе рэчышчы ўжо заліта пліта з армаванага бетону таўшчынёй 50 см, шырынёй 13 м і даўжынёй 41 м. Цяпер ажыццяўляецца мацаванне рачнога адхону.
Нягледзячы на некаторыя складанасці, метрабудаўнікі імкнуцца прытрымлівацца будаўнічых графікаў.