БЕЛ Ł РУС

У Мінску ўшанавалі памяць загінулых на Нямізе 27 гадоў таму

30.05.2026 / 13:28

Nashaniva.com

У Мінску прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 27‑й гадавіне трагедыі ў падземным пераходзе станцыі метро «Няміга», якая забрала жыцці 53 чалавек 30 мая 1999 года, піша БелТА.

Мерапрыемствы пачаліся з Боскай літургіі з памінаннем загінулых, якая была адслужана ў Свята-Духавым кафедральным саборы. Пасля гэтага вернікі прайшлі хрэсным ходам да месца трагедыі каля станцыі метро «Няміга», дзе ўсклалі кветкі на прыступкі пераходу, а таксама каля невялікай капліцы побач з мемарыялам. Там жа была здзейснена памінальная ліція.


На месцы трагічных падзей усталявана мемарыяльная кампазіцыя ў выглядзе 53 бронзавых кветак на прыступках, якія сімвалізуюць колькасць загінулых. На прыступках выбіты надпіс: «53 рубцы на сэрцы Беларусі».

Штогод да помніка прыходзяць родныя і блізкія загінулых. Так, ушанаваць памяць свайго сына прыйшла Святлана Рабаконь разам з дачкой Аленай.

У той дзень 24‑гадовы Генадзь Рабаконь пайшоў на свята разам з жонкай. Яна выжыла, а ён апынуўся ў натоўпе.

Маці загінулага з болем успамінае той дзень: «Я была дома, і раптам тэлефануе дамафон: «Хутчэй бяжыце, там людзей прыціснула ў метро. Ідзіце шукаць Гену». Калі ляцела сюды, нават зямлі не адчувала пад нагамі. Прыбегла, а мая нявестка сядзіць брудная, мокрая, босая».

Сына Святлана Рабаконь тады не знайшла, пазней сваякі падказалі ёй ехаць у 9‑ю бальніцу. Туды яна адправілася разам з сынам Дзмітрыем. «Пайшоў даведацца ён, а потым выходзіць і кажа: «Мама, ідзем. Не трэба нам тут быць, ідзём дадому». А дома ён сказаў, што Гены больш няма», — дадала яна.

Паводле слоў Алены Рабаконь, у гэтай сітуацыі згуртаваўся ўвесь беларускі народ. Яна расказала, што людзі, якія мелі асабістыя аўтамабілі, дапамагалі дастаўляць пацярпелых у медыцынскія ўстановы, а таксама тым, хто шукаў сваіх родных. Свае дзверы адчынялі і прыватныя клінікі. «Стала зразумела — чужога гора не бывае», — адзначыла сястра.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула