БЕЛ Ł РУС

Расія можа нанесці ўдар па вайсковым аб’екце ў Еўропе, каб раскалоць саюзнікаў Украіны — эксперт Bild

30.05.2026 / 12:07

Nashaniva.com

«Дапусцім, некалькі крылатых ракет трапляюць у Польшчу па меркаваным складзе зброі і гінуць дванаццаць чалавек».

Уладзімір Пуцін з міністрам абароны Расіі Андрэем Белавусавым, фота Contributor / Getty Images 

Эксперт па знешняй палітыцы Расіі Хана Нотэ сказала ў падкасце шэфа-рэдактара Bild Пауля Ронцхаймера, што Уладзімір Пуцін не можа прымусіць Украіну капітуляваць, і таму існуе рызыка, што ён пойдзе на эскалацыю супраць Еўропы. Паводле яе слоў, паколькі ўкраінцы пастаянна атакуюць расійскі тыл, ваенная логіка, верагодна, прывядзе Крэмль да ідэі атакі стратэгічнага тылу Украіны — ЕС.

Пры гэтым эксперт не чакае маштабнага нападу на НАТА або адкрыцця новага фронту ў Еўропе. Хутчэй гэта можа быць атака на адзін аб’ект у дзяржаве НАТА — каб справакаваць складаную дыскусію ўнутры альянсу, пасеяць страх і «зламаць кансэнсус адносна доўгатэрміновай падтрымкі Украіны».

Нотэ апісвае магчымы сцэнар: «Дапусцім, некалькі крылатых ракет трапляюць у Польшчу па меркаваным складзе зброі […] і гінуць дванаццаць чалавек. 

Што тады адбываецца палітычна ў нас у Еўропе? Ці ўсе адразу скажуць: гэта артыкул 5 [Паўночнаатлантычнай дамовы], то-бок выпадак калектыўнай абароны? І мы адзіным фронтам адкажам ваенным шляхам? Ці палякі скажуць: мы адкажам. А іншыя краіны НАТА заявяць: уступаць у канфрантацыю з Расіяй з-за гэтага для нас занадта рызыкоўна».

У такім выпадку, лічыць эксперт, Расія магла б сур’ёзна аслабіць НАТА палітычна, не ўдаючыся да маштабнага нападу.

Хана Нотэ ўзначальвае Еўразійскую праграму Цэнтра Джэймса Марціна, а таксама займае пасаду старшага навуковага супрацоўніка Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў у Вашынгтоне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула