У Дубаі пачалі будаваць найбуйнейшы аэрапорт у гісторыі чалавецтва
У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, у Дубаі, пачалося будаўніцтва найбуйнейшага аэрапорта ў гісторыі чалавецтва. Праект называецца Міжнародны аэрапорт Аль-Мактум і стане часткай вялікага комплексу «Сусветны цэнтр Дубая», размешчанага ў пустыні на паўднёвым захадзе ад горада.
Рэндар аэрапорта Аль-Мактум
Новы аэрапорт будзе мець каля 400 выхадаў на пасадку і пяць паралельных узлётна-пасадачных палос. Яго прапускная магутнасць складзе да 260 мільёнаў пасажыраў у год, што больш чым у два разы перавышае паказчыкі найбуйнейшых сучасных аэрапортаў. Кошт праекта ацэньваецца прыкладна ў 35 мільярдаў даляраў.
Паводле задумы, гэта будзе не проста аэрапорт, а цэлы транспартны вузел — фактычна «аэрапорт-горад», пабудаваны з нуля ў пустыні. Ён будзе прыкладна ў пяць разоў большы за цяперашні міжнародны аэрапорт Дубая.
Адной з ключавых асаблівасцяў праекта з’яўляецца тое, што пасля яго завяршэння плануецца паступова закрыць наяўны аэрапорт Дубая, які цяпер з’яўляецца адным з самых загружаных у свеце. Прыблізна да 2035 года ўсе рэйсы хочуць перанесці ў новы комплекс.
Цяперашні аэрапорт абслугоўвае каля 90 мільёнаў пасажыраў штогод і доўгі час застаецца лідарам па міжнародных перавозках. Аднак яго развіццё абмежавана гарадской забудовай, таму ўлады Дубая вырашылі не пашыраць старую інфраструктуру, а стварыць новую з вялікім запасам на будучыню.
Будаўніцтва вядзецца вельмі хутка дзякуючы значным фінансавым рэсурсам і хуткаму прыняццю рашэнняў. У адрозненне ад многіх іншых краін, дзе падобныя праекты могуць зацягвацца на дзесяцігоддзі, у Дубаі іх рэалізуюць значна аператыўней.
Унутры аэрапорта плануецца стварыць сучасную інфраструктуру: велізарныя тэрміналы, сістэмы хуткай апрацоўкі багажу і нават уласную чыгуначную сетку з некалькімі станцыямі, бо маштабы комплексу будуць настолькі вялікія, што перамяшчацца пешшу стане складана.
Першыя этапы будаўніцтва плануюць завяршыць у пачатку наступнага дзесяцігоддзя, а ўвесь праект будзе рэалізоўвацца паступова.
Акрамя самога аэрапорта, вакол яго плануецца пабудаваць новы горад з жылымі раёнамі, лагістычнымі і камерцыйнымі зонамі, разлічаны больш чым на мільён жыхароў.
Чытайце таксама:
Беларус спазніўся на самалёт з Дубая і просіць кампенсацыю. Тураператар кажа, што ён сам вінаваты
Ці не здарацца летам масавыя адмены авіярэйсаў праз дэфіцыт паліва?