За 2025 год беларусы атрымалі 152 тысячы шэнгенскіх віз
Самай шчодрай на выдачу аказалася Італія. У 98,9% выпадкаў беларусы атрымлівалі мультывізы, паведаміла Еўракамісія.
Да таго ж менавіта гэтая краіна выдала найбольшую колькасць віз у суме — 50 176. Да гэтага два гады лідарства ўтрымлівала Германія. У 2025 годзе яна апынулася на другім месцы — 37 692, больш за 90% заяўнікаў атрымалі «мульцік».
Далей адрыў па колькасці даволі вялікі: 16 280 віз ад Польшчы — мультывізы каля 80%, 9874 ад Францыі («аднаразовыя» атрымалі крыху менш за 30% заяўнікаў) і 8762 візы ад Венгрыі (некалькі разоў уехаць у шэнгенскую зону дзякуючы ім змогуць больш за 60% заяўнікаў).
Найменш ахвотна мультышэнген выдавалі Румынія, Славакія і Балгарыя — яго атрымалі менш за 40% заяўнікаў.
Працэнт адмоваў у мінулым годзе быў даволі невялікі — 2,3%, без візы засталіся 3652 заяўнікі.
Больш за ўсё адмоваў у выдачы віз было ад Германіі (1131 адмова), Польшчы (865), Францыі (597) і Літвы (464).