Статкевіч трос клетку, суддзя смяяўся, гучалі «Муры». Ігар Лосік расказаў, як судзілі фігурантаў «справы Ціханоўскага»
Як на закрытым судовым працэсе ў «справе Ціханоўскага» слухалі «Разбуры турмы муры», як у матэрыялах справы апынуліся абразок з Георгіем Пераможцам і «вайна з нявернымі», як пракурор вывеў з сябе суддзю, піша Радыё Свабода.
Шэсць гадоў таму, 29 мая 2020 года, у Гродне на перадвыбарчай акцыі затрымалі блогера і аўтара Youtube-канала «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага, ягоных паплечнікаў і выпадковых прысутных. Улады ўчынілі правакацыю з удзелам жанчыны, якая займалася прастытуцыяй, і з падзеннем міліцыянта Уладзіміра Казлоўскага на зямлю. Адразу пасля гэтага сілавікі пачалі затрымліваць людзей на Савецкай плошчы. Гэта было першае маштабнае затрыманне ў перадвыбарчай кампаніі, якое пасля перарасло ў шэраг крымінальных спраў і паказала, як улады будуць помсціць сваім праціўнікам.
Судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім пачаўся ў чэрвені 2021-га. Ён ішоў паўгода ў закрытым рэжыме ў СІЗА № 3 Гомеля. Разам з Ціханоўскім судзілі яго відэааператара Арцёма Сакава, мадэратара сацыяльных сетак «Краіны для жыцця» Дзмітрыя Папова, палітыка Мікалая Статкевіча, блогераў Ігара Лосіка і Уладзіміра Цыгановіча. Фігуранты справы ў выніку атрымалі ад 14 да 18 гадоў калоніі.
Ціханоўскі і Лосік ужо выйшлі на волю дзякуючы перамовам амерыканскага боку з рэжымам Лукашэнкі. Статкевіча вызвалілі пасля яго адмовы з’язджаць з Беларусі і цяжкай хваробы. Сакаў, Папоў і Цыгановіч застаюцца за кратамі.
Увогуле ў так званую «справу Ціханоўскага» можна залічыць больш людзей, якіх судзілі невялікімі групамі або паасобку ў розных месцах у розны час.
Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў
«Яны не ведалі, што з намі рабіць»
Сеткавы журналіст Свабоды і заснавальнік тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга» Ігар Лосік быў адным з фігурантаў «справы Ціханоўскага». Яго затрымалі 25 чэрвеня 2020 года і асудзілі на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ігар правёў за кратамі больш за пяць гадоў, амаль палову гэтага часу — у рэжыме інкамунікада, калі нават блізкія нічога не ведалі пра яго. Ігара Лосіка вызвалілі і прымусова вывезлі з Беларусі за мяжу ў верасні 2025 года.
Ігар Лосік
«Гэтага не разумеў ніхто: ні адвакаты, ні пракуроры, здаецца, ні мы, — адказвае Ігар на пытанне, чаму яны ўшасцёх апынуліся ў адным працэсе. — Я з Ціханоўскім не сустракаўся, не ведаў яго, са Статкевічам таксама. З Цыгановічам, Сакавым не перасякаўся ў інтэрнэце нават».
Лосік тлумачыць, што ў матэрыялах крымінальнай справы было напісана, што Ціханоўскі і Статкевіч у 2019 годзе нібыта ўступілі ў змову і запланавалі праз год зрынуць уладу ў Беларусі.
Сяргей Ціханоўскі праз два тыдні пасля вызвалення, 9 ліпеня 2025 года
Спачатку ў справе таксама праходзіў Віталь Шкляраў, амерыканскі паліттэхнолаг родам з Гомеля, працягвае Ігар. Той, паводле абвінавачання, лічыўся галоўным арганізатарам змовы, які прыцягнуў да сваіх планаў Ціханоўскага, Статкевіча і іншых. Шклярава затрымалі ў ліпені 2020 года і вызвалілі ў кастрычніку таго ж года «пасля тэлефоннага званка дзяржаўнага сакратара ЗША Пампэа».
«Спачатку справу завязвалі на Шклярава. А калі яго выпусцілі, пачалі перапісваць крымінальную справу і ўжо галоўным зрабілі Статкевіча», — успамінае суразмоўца.
Мікалай Статкевіч у судзе (злева ў блакітнай кашулі). Лета 2021 года
На думку Лосіка, блогераў і звязаных з папулярнымі каналамі ў сацыяльных сетках людзей далучылі ў справу, бо прадстаўнікі рэжыму баяліся тэлеграм-каналаў і «пачалі паляваць на іх» пасля выказвання Лукашэнкі: «Думаюць, мы ж іх не дастанем. Калі трэба — дастанем». Адміністратарам тэлеграм-каналаў Nexta, «Беларусь галаўнога мозгу», «Мая краіна Беларусь» і іншых прадстаўнікі ўлады таксама пастанавілі прыпісаць адказнасць за арганізацыю пратэстаў.
«Яны (тыя, хто заводзіў крымінальную справу) прыдумалі, што ў чэрвені 2019 года — яны гэтую дату ўзялі проста з галавы — нібыта ўсё арганізавалася ў адзіную інфармацыйную сетку, якой кіраваў Статкевіч, а праз Статкевіча — Ціханоўскі», — расказвае журналіст.
Уладзімір Кніга ў судзе
Доказам сувязі Ціханоўскага з адмінамі тэлеграм-каналаў следчыя палічылі некалькі секунд стрыму блогера, дзе той рэкламуе гэтыя каналы і раіць на іх падпісвацца, кажа Лосік.
Спачатку ў справе быў і Сцяпан Пуціла, адміністратар канала Nexta. Але паколькі ён знаходзіўся ў Польшчы, яго не затрымалі. Пазней справу Пуцілы вылучылі ў асобную вытворчасць і судзілі яго завочна.
Ад пачатку ў «справу Ціханоўскага» далучылі дзясяткі затрыманых людзей, успамінае суразмоўца. Ён асабіста бачыў у першых матэрыялах справы з дваццаць прозвішчаў фігурантаў: Павал Севярынец, Яўген Афнагель, Уладзімір Кніга, Андрэй Войніч, Дзмітрый Фурманаў, Аляксандр Кабанаў, Сяргей Пятрухін. Ім усім закідвалі арганізацыю мітынгу ў Гродне 29 мая 2020 года. Лосік адзначае, што ён сам у гэты дзень у Гродне не быў.
«Яшчэ да выбараў і пасля яны не ведалі, што з намі рабіць. І яны ўсіх запхнулі ў адну справу», — кажа Лосік.
Аднак увесну 2021 года справу пачалі спешна закрываць, успамінае суразмоўца, зноў жа пасля слоў Лукашэнкі, што трэба яе скончыць. Мноства фігурантаў паводле невядомых крытэрыяў пачалі дзяліць на групы. Павал Севярынец і Андрэй Войніч апынуліся ў групе членаў «Еўрапейскай Беларусі». У Гродне судзілі Дзмітрыя Фурманава, які збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую. Разам з ім — былога амапаўца і валанцёра каманды Ціханоўскай Уладзіміра Кнігу (яму да шасці гадоў прысуду ўжо тройчы дадавалі тэрмін за нібыта «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі») і Яўгена Разнічанку, які падхапіў міліцыянера Казлоўскага, калі той упаў. Асобна ў Гродне судзілі кіроўцу аўтадома «Краіна для жыцця» Аляксандра Арановіча. Брэсцкіх блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна судзілі ў Магілёве.
«Больш сэнсу было, каб Кабанаў быў у групе з Ціханоўскім, бо ён каардынаваў збор подпісаў за Ціханоўскую, быў у штабе», — разважае Лосік.
«Раздрукавалі ўвесь інтэрнэт»
У матэрыялах «справы Ціханоўскага» было амаль 180 тамоў.
«Мы з адвакатам думаем, што гэта была найбуйнейшая справа, трэба было на кагосьці скінуць адказнасць за 2020 год, таму яны павінны былі паказаць, што там вельмі шмат тамоў», — кажа Лосік.
Калі ўвесну 2021 года Ігар Лосік знаёміўся з матэрыяламі справы, іх з кожным днём станавілася ўсё больш.
«Яны раздрукавалі ўвесь інтэрнэт, які толькі быў. Яны за год спампавалі ўсе допісы з усіх апазіцыйных тэлеграм-каналаў і чатаў, асабліва тых, дзе ў назве было «97%»: «Калінкавічы 97%», «Жлобін 97%». Яны тамоў шэсцьдзесят раздрукавалі гэтай лухты. Нібыта Ціханоўскі ствараў такую сетку — усе з аднолькавай назвай. Хоць многія каналы стварылі ўжо пасля таго, як затрымалі Ціханоўскага», — каментуе змест справы Ігар.
Значную частку матэрыялаў справы прысвяцілі самому Ціханоўскаму.
«Там усё яго жыццё. Фота, відэа з яго вяселля. Калі яму было 13 гадоў, здаецца, ён нібыта скраў 10 рублёў у аднакласніка. Яны тыя вялікія дамавыя кнігі знайшлі дзесьці і да гэтай справы далучылі», — расказвае Лосік.
У некалькіх дзясятках тамоў былі стэнаграмы стрымаў Ціханоўскага.
«З гуглаўскім аўтаперакладчыкам (маецца на ўвазе аўтаматычная транскрыпцыя аўдыя ў тэкст). Там «крывое» ўсё было», — успамінае ён.
Ігар Лосік заўважае, што яму прысвяцілі толькі два тамы. У іх сабраныя абскарджанні, выпіскі з банкаўскіх рахункаў, хадайніцтвы за яго, ксеракопіі лістоў, паштовак, абразкоў, якія людзі дасылалі яму ўжо ў турму. Напрыклад, у матэрыялах справы была ксеракопія абразка святога Юрыя Пераможцы і паштоўка з кароткім надпісам: «Прывітанне з Брэста».
«Каб хоць нейкімі паперамі забіць. Так том выглядаў таўсцейшым», — тлумачыць Ігар, чаму ў ягоную справу дадавалі дзіўныя рэчы.
Экспертызу допісаў Лосіка, якая б пацвярджала, што ён нешта парушаў, не рабілі. Але «варожасць» знайшлі ў некалькіх перапостах у канал «БГМ» з канала Nexta ў жніўні 2020 года, калі Ігар ужо быў за кратамі. Прычым сам канал «БГМ» не фігураваў у абвінавачанні, адзначае блогер.
«За паўгода, што ішоў суд, мае тамы суддзя разглядаў хвілін 5—7, а таго ж Сакава — хвіліны тры, бо там нічога не было. Прыладамі яго злачынства суд палічыў кепку, кубак і налепкі з надпісам «Страна для жизни»», — успамінае фігурант «справы Ціханоўскага».
Акадэмія навук, са слоў Лосіка, зрабіла экспертызы зместу канала Цыгановіча з высновамі, што ў яго «не знайшлі ніякіх заклікаў і распальвання варожасці».
«Калі пракурор падчас спрэчак чытаў гэта, то сказаў проста, што, паводле экспертыз, усё гэта ёсць. Хоць там нічога не было», — успамінае журналіст.
Ігар Лосік называе справу абсурднай. На яго думку, у ёй 0% адпавядала рэчаіснасці. Ён падкрэслівае, што многія фігуранты не былі раней знаёмыя паміж сабой і ніхто нічога не планаваў. У матэрыялах справы, са слоў Лосіка, таксама не было доказаў нічыёй віны і пацвярджэння, што саўдзельнікі нешта планавалі.
«Думаю, нават мой адвакат не зможа сказаць, у чым нас абвінавачвалі, бо абвінавачанне было збудавана так, каб немагчыма было зразумець. Там былі сказы, якія цягнуліся па дзве старонкі», — падсумоўвае Ігар.
«Заклікі да ісламскага фундаменталізму»
Працэс праходзіў у актавай зале СІЗА № 3 Гомеля, у якім сядзелі ўсе фігуранты. Ён ішоў чатыры дні на тыдзень цягам паўгода. На ім нельга было прысутнічаць родным і назіральнікам. Толькі на першае пасяджэнне і на прысуд пусцілі супрацоўнікаў прапагандысцкіх прадзяржаўных СМІ. Ігар Лосік мяркуе, што працэс закрылі, каб ніхто не бачыў яго абсурднасці.
Праезд да Гомельскага СІЗА № 3 ў дзень пачатку суду над блогерамі і палітыкамі
«Гэта было, з аднаго боку, прыніжальна. Пасля ранішняй праверкі і сняданку мяне забіралі і вялі на ніжні паверх. Трэба было кожную раніцу раздзявацца, прысядаць голым. Яны свяцілі ва ўсе часткі цела, правяралі, каб у нас нічога не было. Баяліся, каб ніхто не зрабіў спробы самагубства, бо нам на судзе нават давалі гумовыя асадкі. Калі вялі ў актавую залу, то ў кайданках, заломвалі (нахілялі тулава ўніз)», — успамінае Ігар.
Ён заўважае, што гэта было цяжка, але лепш, чым сядзець у камеры, бо ў перапынках можна было пагаварыць і з фігурантамі, і з адвакатамі, і нават абмеркаваць навіны. Ігар кажа, што ён браў з сабой на працэс сканворды і разгадваў, бо яго мала згадвалі ў справе; Арцём Сакаў нешта маляваў. Фігуранты сядзелі ў клетцы. Акрамя пачатку і канца працэсу, у клетцы з іх здымалі кайданкі, успамінае Ігар.
Ніхто з фігурантаў «справы Ціханоўскага» не прызнаў віну на судзе. Некаторыя адмаўляліся даваць паказанні на этапе следства. Мікалай Статкевіч выгукнуў на судзе «Жыве Беларусь!». Урэшце яго выдалілі з працэсу на трэці дзень, «бо ён трос клетку», «не хацеў удзельнічаць у гэтым». Статкевіча вярнулі толькі на спрэчкі і абвяшчэнне прысуду. «Ціханоўскі дні тры чытаў свае паказанні. Ён браў кожны сказ абвінавачання і абскарджваў. Але ніхто нічога не ўлічыў», — успамінае Ігар.
Мікола Статкевіч
Пэўны час пракурор вельмі павольна чытаў тыя 60 тамоў, якія змяшчалі допісы з апазіцыйных чатаў. У выніку суддзя раззлаваўся і перапыніў суд на дзень, таму што бок абвінавачання знаёміўся з матэрыяламі справы на месцы, а не загадзя, успамінае былы палітвязень.
«Ён у судзе вадзіў пальцам, 15 хвілін маўчання — і потым ён знаходзіў нейкі допіс з чату: «Трэба прыйсці ў госці да Ярмошынай», старую дату, карыстальніка. Зачытваў. Потым праходзіць яшчэ 15 хвілін, ён новы шукае. Так прайшоў першы дзень, другі. А на трэці дзень, здаецца, суддзя ўжо раззлаваўся, бо мы засмяяліся ўсе», — расказвае Ігар.
Падчас працэсу фігуранты ўвогуле досыць шмат смяяліся, адзначае Ігар. Рэч, з якой смяяўся і суддзя, — экспертызы ў матэрыялах справы. Іх усе нібыта рабіў адзін і той жа чалавек.
«Яго прозвішча было Сіманаў. У яго не было ні імя, ні імя па бацьку, ні стажу, ні месца працы. Усе экспертызы былі аднолькавыя. Яны знайшлі ў словах Ціханоўскага заклікі да «ісламскага фундаменталізму», «джыхадызму» і «вайны з нявернымі». Яны проста ўзялі расійскую экспертызу як узор, бо артыкул «за распальванне варожасці» спачатку пачалі выкарыстоўваць у Расіі, і забыліся выкрасьліць гэты абзац», — тлумачыць суразмоўца.
Ігар потым бачыў у некаторых палітвязняў у «справе Зельцара» падобныя да іх «слова ў слова» экспертызы.
Што яшчэ выклікала смех — калі падчас працэсу аглядалі стрымы Ціханоўскага на праектары на поўнай гучнасці, а той на запісе спяваў «Разбуры турмы муры».
«Мы сядзім у турме. І ўсе гэта чуюць на паверсе, і АМАП, і суддзя, і пракурор. Гэта быў проста нейкі сюр», — успамінае былы палітвязень.
Ігар прызнаецца, што яму самому было цікава пабываць на судзе, каб паслухаць — можа, і сапраўды Сяргей Ціханоўскі «нешта рыхтаваў». Але ўпэўніўся, што на яго «нічога не было».
Падчас суду ў «справе Ціханоўскага» фігурантаў ахоўвалі каля пяці канваіраў каля клеткі і каля пяці на калідоры
«Канваіры, якія нас ахоўвалі, — там было шмат амапаўцаў — першы месяц жорстка да нас ставіліся, заломвалі, не адказвалі, раўлі. Але яны сядзелі самі, кожны дзень слухалі гэты працэс, і потым яны зразумелі, што ніхто з нас не вінаваты. Потым у іх зусім змянілася стаўленне. Яны пачалі размаўляць, жартаваць, не заціскалі кайданкі, не заломвалі да падлогі, калі вялі. Было відаць, што яны самі разумеюць усё», — успамінае Ігар Лосік.
За кратамі застаюцца трое фігурантаў з шасці: грамадзянін Расіі Дзмітрый Папоў, відэааператар Арцём Сакаў і блогер Уладзімір Цыгановіч. Ігар Лосік расказаў, што іх «моцна прэсуюць».
46‑гадовага Цыгановіча, якому спачатку прызначылі 15 гадоў калоніі, ужо тройчы дадаткова асудзілі за нібыта «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі» (411 артыкул КК, паводле якога тэрмін можна дадаваць бясконца). Яго таксама часта пераводзяць, ён пабываў ужо ў дзевяці месцах зняволення. Цяпер у жодзінскай турме.
31‑гадовы Сакаў асуджаны на 16 гадоў. Тры гады ён правёў на турэмным рэжыме. Знаходзіцца ў шклоўскай калоніі № 17.
34‑гадовы Папоў атрымаў 16 гадоў калоніі. Знаходзіцца ў жодзінскай турме.