БЕЛ Ł РУС

Беларусбанк таксама будзе патрабаваць ад кліентаў геалакацыю

29.05.2026 / 08:23

Nashaniva.com

Беларусбанк анансаваў, што для доступу да банкаўскага дадатку спатрэбіцца дзяліцца геалакацыяй. Інфармацыя пра гэта з'явілася на сайце банка.

Фота: Lookby.Media

Тэхналогія лічбавага адбітку прылады ў анлайн-каналах банкаўскага абслугоўвання фізічных і юрыдычных асоб уводзіцца з 1 ліпеня.

«Пры кожнай спробе ўваходу ў дадатак або інтэрнэт-банк (у тым ліку для юрыдычных асоб) сістэма будзе параўноўваць бягучы лічбавы адбітак прылады з эталонным узорам. Калі зламыснік паспрабуе ўвайсці ў ваш акаўнт з іншай прылады, нават ведаючы лагін і пароль, сістэма распазнае неадпаведнасць і заблакуе падазроную аперацыю. Спробы падмены геалакацыі з дапамогай спецыяльных праграм таксама будуць выяўленыя, бо іншыя параметры прылады не супадуць з эталонам», — гаворыцца ў інфармацыі на сайце банка.

У Беларусбанку патлумачылі, што не абмяжоўваюць колькасць прылад, якія можа выкарыстоўваць кліент для ўваходу — эталонных узораў можа быць некалькі. Гэтыя меры дапамогуць на раннім этапе выяўляць і прадухіляць несанкцыянаваныя плацяжы і пераводы, тым самым забяспечваючы захаванасць сродкаў кліентаў.

Пры першым уваходзе ў банкаўскі дадатак або інтэрнэт-банкінг сістэма сама прапануе даць неабходныя дазволы. Дастаткова выконваць інструкцыі на экране.

Чытайце таксама:

Усе беларускія банкі пачнуць сачыць за месцазнаходжаннем кліентаў? Альфа-банк ужо папярэдзіў, адмовіцца немагчыма

Беларусбанк уводзіць новыя ліміты для картак, каб бараніць кліентаў ад махляроў

Карты якіх беларускіх банкаў працуюць у Еўрасаюзе?

Каментары да артыкула