БЕЛ Ł РУС

Пад Смалявічамі ўчарашні вецер знішчыў вялікую цяпліцу, а ў Чэрвені сарваў дах з прыпынку

28.05.2026 / 16:21

Nashaniva.com

У канцы мая надвор’е ў Беларусі моцна пагоршылася: учора быў моцны вецер, парывы якога дасягалі прыкладна 26 м/с. Стыхія нанесла значную шкоду, найбольш пацярпелі Мінская, Віцебская, Гомельская і Магілёўская вобласці. Пра некаторыя найбольш уражлівыя выпадкі піша «Мінская праўда».

Асабліва цяжкая сітуацыя была ў Смалявіцкім раёне, дзе моцны вецер амаль цалкам знішчыў вялікую цяпліцу. Паводле сведкаў, усё адбылося вельмі хутка: канструкцыю літаральна разарвала парывамі ветру, і аднавіць яе пакуль немагчыма.

У Чэрвеньскім раёне таксама назіраліся моцныя парывы ветру, залевыі і месцамі град. На трасе М-4 каля Чэрвеня ўзніклі праблемы з рухам: вецер сарваў дах з прыпынку і пашкодзіў дарожныя знакі.

Стыхія закранула і Мінск. У горадзе падалі дрэвы, у тым ліку на Нямізе.

У парках сітуацыя была яшчэ горшай: у Севастопальскім парку паваліла каля двух дзясяткаў дрэў, у Кіеўскім скверы дрэвы вырывала з каранямі.

На вуліцы Кульман дрэва ўпала побач з аўтамабілямі, але, на шчасце, людзі не пацярпелі.

Усяго за дзень у краіне ўпала больш за дзвесце дрэў, пашкоджанні атрымалі не менш за дзясятак аўтамабіляў. Таксама вецер пашкодзіў дахі жылых дамоў і сельскагаспадарчых будынкаў.

Чытайце таксама:

З-за шквалістага ветру без электрычнасці заставаліся больш за паўтысячы населеных пунктаў

У МНС расказалі, што натварыла непагадзь па ўсёй Беларусі

Паміж Бабруйскам і Магілёвам на трасу ўпаў дуб і заблакаваў увесь рух

Моцны вецер паваліў дрэва на Нямізе

Каментары да артыкула