БЕЛ Ł РУС

Беларусу ў Польшчы выдалілі пухліну з мозгу — цяпер ён аднаўляецца пасля спынення сэрца. Сям'я просіць дапамогі

29.05.2026 / 09:00

Вера Белацаркоўская

Родныя 51‑гадовага Уладзіміра Казляка запусцілі збор, каб сабраць мужчыне сродкі на рэабілітацыю. Пасля выдалення пухліны ў мозгу ў яго на чатыры хвіліны спынілася сэрца, і цяпер яго чакае доўгае аднаўленне.

Уладзімір да хваробы. Фота: архіў суразмоўцы

Дапамагчы Уладзіміру можна тут.

Сям’я Уладзіміра — муж, жонка і дарослыя дзеці — апынулася ў Польшчы ў 2022-м. Да гэтага яны жылі ў Мінску, дзе бацька, Уладзімір, прадаваў запчасткі на аўтарынку, а ягоная жонка працавала ў адной з гандлёвых сетак.

Пасля пераезда сям’я пасялілася пад Варшавай. Яны змаглі набыць у крэдыт кватэру, а вось з працай было складана. Ізноў працаваць з запчасткамі ва Уладзіміра не атрымалася: не хапіла ведання польскай мовы — і давялося шукаць фізічную працу.

Апошнім месцам, дзе ў мужчыны атрымалася папрацаваць, было варшаўскае метро — там ён прыбіраў станцыі. Сын мужчыны знайшоў працу бортправадніка, дачка пайшла вучыцца ва ўніверсітэт, а жонка Уладзіміра працуе ў адной з польскіх крам.

Праз некалькі гадоў у Польшчы ў сям’і з’явіліся праблемы. 

«У сярэдзіне 2025‑га ў бацькі пачаліся галаўныя болі. Ён спачатку казаў, што, можа, гэта з-за працы, можа, з-за ўзросту. Бацька працаваў напружана: каля 14 гадзін у дзень», — успамінае сын Андрэй.

Паводле слоў Андрэя, бацька спрабаваў заглушыць болі таблеткамі, але ўсё вярталася, і тады жонка ўгаварыла мужчыну звярнуцца да медыкаў. Першы візіт скончыўся нічым, аднак на пазнейшым МРТ галаўнога мозгу, у канцы 2025-га, ва Уладзіміра знайшлі ў галаве пухліну і тэрмінова накіравалі яго ў бальніцу, каб выдаліць яе.

«7 студзеня 2026 года яго шпіталізавалі ў варшаўскую бальніцу. Дактары кансультаваліся з іншымі бальніцамі, як яго аперыраваць, каб мінімізаваць рызыкі. І 12 студзеня яму сем гадзін рабілі аперацыю», — кажа Андрэй.

Пухліна аказалася дабраякаснай, яе выразалі цалкам. Спачатку ўсё было добра, успамінае хлопец:

«Першае, што запыталі ў яго дактары пасля аперацыі — ці разумее ён, хто ён і дзе знаходзіцца. На ўсе лагічныя пытанні бацька цалкам адказваў, з невялікай дапамогай змог устаць з ложка.

Раніцай 14 студзеня я прыехаў да яго, мы паразмаўлялі і я пабачыў, што трэба ісці, таму што да яго прыйшлі дактары. Паехаў дахаты. Апоўдні да яго прыехала мая сястра, і потым яна мне пазваніла і сказала, што ў бацькі спынілася сэрца».

Фота: архіў суразмоўцы

Гэта адбылося, калі мужчыне спрабавалі паставіць назагастральны зонд. Мільёнам людзей ставяць такія зонды пасля аперацый, калі яны не могуць самі глытаць і трэба даставіць у іх арганізм ежу ці лекі. Гэта звычайная працэдура, але ў выпадку з Уладзімірам яна дала ўскладненне, і сэрца мужчыны спынілася. Яно не білася чатыры хвіліны, і ўвесь гэты час мозг Уладзіміра быў без кіслароду. Праз гэта ён моцна пацярпеў.

«Бацьку адразу ўвялі ў медыкаментозны сон, каб спыніць пашкоджанне мозга. Нейкі час бацька быў без прытомнасці, потым ён пачаў крыху рэагаваць, расплюшчваць вочы, але камунікацыі было вельмі мала. Напрыклад, яму нешта казалі, а ён і не заўжды рэагаваў», — тлумачыць Андрэй.

Польскія медыкі прапаноўвалі накіраваць Уладзіміра ў хоспіс. Але пашчасціла — рэабілітолаг з той клінікі, дзе знаходзіўся мужчына, пабачыў, як беларус камунікуе з жонкай поціскам далоні, і зрабіў выснову, што Уладзімір мае патэнцыял да аднаўлення. Дактары параілі хутка знайсці месца для рэабілітацыі, бо калі ў такой сітуацыі згубіць час, выніку можа і не быць.

Родныя знайшлі для Уладзіміра клініку, дзе ён з сакавіка праходзіць рэабілітацыю за кошт польскай дзяржаўнай страхоўкі. Тая страхоўка пакрывае толькі год аднаўлення, але няма сумневаў, што пры такіх траўмах аднаўляцца трэба будзе даўжэй.

Таму сям’я запусціла збор, каб з яго дапамогай аплачваць далейшую рэабілітацыю. Падтрымка для іх важная яшчэ і таму, што заробак Уладзіміра быў асноўным у бюджэце сям’і — цяпер сям’я засталася без яго, а трэба і крэдыт за кватэру плаціць, і неяк жыць, і даглядаць бацьку.

Фота: архіў суразмоўцы

«Цяпер стан бацькі лепшы, чым калі ён быў у звычайнай бальніцы. Але ён яшчэ не можа размаўляць, не можа самастойна ўставаць і есці. Таму трэба далейшая рэабілітацыя, можа, яшчэ на некалькі гадоў», — мяркуе Андрэй.

Яшчэ ў першыя дні пасля спынення сэрца родныя Уладзіміра пыталіся ў дактароў, якія іх прагнозы. Тыя адказваюць асцярожна — будзем назіраць, нічога не можам сказаць.

Андрэй тлумачыць, чаму, на яго думку, дактары так сябе паводзяць:

«Яны асцерагаюцца нешта канкрэтнае казаць, бо стан заўжды можа змяніцца. І паколькі бацьку рабілі аперацыю на мозгу, ды яшчэ і мозг пацярпеў потым дадаткова, то ясна, чаму дактары падыходзяць да гэтага песімістычна. Шкада, але навукоўцы яшчэ шмат чаго не ведаюць пра мозг.

Шмат залежыць ад рэабілітацыі, ад таго, як бацьку даглядаюць, і ад таго, як хутка мы будзем ладзіць рэабілітацыю. Бо калі нешта прыпыніцца, то ўсё зробленае не будзе мець сэнсу».

На запыт родных Уладзіміра аб дапамозе людзі адгукнуліся — цяпер сабрана ўжо больш за $15 тысяч. Андрэй дзякуе ўсім, хто дапамагае:

«Для нас было шокам, калі мы адкрылі збор і людзі хутка нам шмат ахвяравалі. Мы з мамай думалі, што, магчыма, нічога не атрымаецца, каму гэта цікава.

Мы ніколі нічога не прасілі ў жыцці, а цяпер так атрымалася, што вельмі патрэбная дапамога. Бывае, здараецца страшная сітуацыя і сям’я застаецца з ёй сам-насам, а тут людзі дапамагаюць, і гэта вельмі важна».

Дапамагчы Уладзіміру можна тут.

Чытайце таксама:

«Узнікаюць уяўленні, што палітвязні мусяць быць стойкімі, сабранымі, удзячнымі. А рэальнасць розная». Пагаварылі з людзьмі, якія водзяць дэпартаваных літаральна за руку

Вядомы эканаміст тлумачыць, чаму пасля 30 трэба зноў ісці вучыцца, і называе самыя запатрабаваныя кампетэнцыі

Нікому не пазычаць і карыстацца бясплатнай медыцынай: фінансавыя правілы дзяўчыны з даходам 7 000 рублёў

Каментары да артыкула