БЕЛ Ł РУС

У Анголе знайшлі парэшткі паўтысячы чалавек. Гэта ахвяры палітычных рэпрэсій

9.05.2026 / 18:58

Nashaniva.com

У сталіцы Анголы Луандзе знойдзена масавае пахаванне з парэшткамі каля 500 чалавек. Пра гэта паведамілі ўлады краіны. Месца вядомае як «могілкі 14». Хоць пра яго існаванне было вядома яшчэ з 1977 года, дакладнае размяшчэнне доўгі час не ўдавалася ўстанавіць, піша Euronews.

Луанда. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Ben Curtis/AP

Лічыцца, што ў гэтым месцы пахаваныя людзі, якія сталі ахвярамі рэпрэсій пасля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту 27 мая 1977 года, звязанай з камуністычным дзеячам Ніту Алвішам. Тады ў краіне пачаліся масавыя чысткі і расстрэлы, у выніку якіх маглі загінуць ад некалькіх тысяч да дзясяткаў тысяч чалавек. Дакладная колькасць ахвяр дагэтуль невядомая.

Знойдзенае пахаванне стала найбуйнейшай такой знаходкай у рамках працы ангольскай камісіі па прымірэнні і пошуку месцаў масавых пахаванняў. Гэтую структуру стварылі ў 2019 годзе, каб дапамагаць сем’ям знаходзіць загінулых і аднаўляць гістарычную справядлівасць пасля грамадзянскіх канфліктаў.

Улады паведамілі, што парэшткі будуць адпраўленыя на лабараторныя даследаванні для ідэнтыфікацыі. Даследчыкі спрабуюць устанавіць асобы загінулых, каб іх родныя маглі даведацца пра лёс блізкіх. Расследаванне гэтага пахавання вялося каля пяці гадоў.

Мяцеж Ніту Алвіша (або «фракцыянізм») — гэта спроба перавароту ў Анголе 27 мая 1977 года, якая стала самым крывавым унутраным канфліктам у гісторыі Народнага руху за вызваленне Анголы — Партыі працы, якая кіруе краінай і дагэтуль.

Ніту Алвіш, былы міністр унутраных спраў, тады выступіў супраць тагачаснага прэзідэнта Анголы Антоніу Агашцінью Нету. Алвіш прадстаўляў радыкальнае крыло партыі: ён патрабаваў поўнай арыентацыі на СССР, больш жорсткага камуністычнага курсу і выступаў супраць прысутнасці мулатаў і белых у кіраўніцтве краіны, робячы стаўку на «чорны расізм». Нету таксама арыентаваўся на Маскву — ён нават праз два гады памёр там падчас лячэння ад раку, — але быў больш памяркоўны. 

Раніцай 27 мая 1977 года прыхільнікі Алвіша захапілі радыёстанцыю ў Луандзе і турму Сан-Паўлу. Яны заклікалі народ да паўстання і забілі некалькіх паплечнікаў прэзідэнта. Аднак народнага бунту не здарылася.

Лёс краіны вырашылі кубінскія войскі. Кубінцы, якія мелі ў Анголе танкі і цяжкае ўзбраенне, падтрымалі дзейнага прэзідэнта Нету. Яны хутка выбілі мяцежнікаў з ключавых пунктаў і аднавілі парадак у сталіцы.

Пасля здушэння мяцяжу пачаліся маштабныя чысткі. Спецслужбы арыштоўвалі і расстрэльвалі ўсіх падазраваных у сімпатыях да Алвіша. Колькасць ахвяр гэтых рэпрэсій ацэньваецца ад 10 000 да 30 000 чалавек. Самога Ніту Алвіша таксама схапілі і пакаралі смерцю.

Доўгі час падзеі 1977 года ў Анголе, вядомыя як «паўстанне фракцыянераў», заставаліся палітычна забароненай тэмай. Пры прэзідэнтах Нету і Жазэ Эдуарду душ Сантушы, які кіраваў з 1979 па 2017 гады, Ніту Алвіш і ягоныя прыхільнікі афіцыйна лічыліся змоўцамі і ўдзельнікамі спробаў контррэвалюцыйнага перавароту.

Нават пасля заканчэння шматгадовай грамадзянскай вайны ў Анголе стаўленне да гэтых падзей змянялася вельмі павольна: улады толькі часткова прызнавалі, што падчас падаўлення паўстання маглі быць «перагібы» і «негатыўныя эпізоды», але істотнага перагляду афіцыйнай пазіцыі не адбывалася.

Сітуацыя пачала змяняцца толькі пасля прыходу да ўлады цяперашняга прэзідэнта Жуана Ларэнсу, калі ў краіне пачаўся перыяд так званай «адлігі». У маі 2021 года ён публічна прызнаў, што рэпрэсіі, дапушчаныя падчас задушэння паўстання, былі празмерныя, і папрасіў прабачэння за гэта.

Чытайце таксама:

Партугалія змяніла закон аб грамадзянстве. Зараз для яго атрымання неабходна пражыць у краіне дзесяць гадоў

У Анголе ўспыхнулі пратэсты, загінулі 22 чалавекі

Поўдзень Афрыкі ахапіў наймацнейшы за дзесяцігоддзі крызіс харчавання

Дзе знаходзяцца краіны з самым маладым насельніцтвам?

Каментары да артыкула