БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, што з будаўніцтвам аквапарка ў Віцебску

8.05.2026 / 23:47

Nashaniva.com

У Віцебску працягваецца падрыхтоўка да будаўніцтва аквапарка, хоць самі работы пакуль не пачаліся — праект знаходзіцца на стадыі распрацоўкі і ўзгаднення, піша Office Life.

Аквапарк плануюць стварыць на базе двух былых карпусоў завода «Віцязь», якія выкупленыя інвестарамі. Агульная плошча будучага комплексу складзе каля 14 тысяч квадратных метраў. З іх прыкладна 3,5 тысячы адвядуць пад водную зону.

Праект прадугледжвае чатыры водныя горкі, 16 відаў лазняў, фітнэс-цэнтр, гатэль, каворкінг і вялікую аўтастаянку больш чым на 300 машын. Адначасова комплекс зможа прымаць каля 1300 чалавек.

Праектам займаецца кампанія «ФС груп». Спачатку інвестары вывучалі еўрапейскі вопыт і супрацоўнічалі з еўрапейскімі вытворцамі абсталявання. Але нядаўна прадстаўнікі кампаніі наведалі Кітай і правялі перамовы з кітайскімі партнёрамі. Цяпер менавіта кітайскі бок дапрацоўвае тэхналагічныя рашэнні для аквапарка пад сваё абсталяванне.

Паводле прадстаўнікоў гарвыканкама, інвестары ўжо маюць неабходныя дазволы і зямельны ўчастак. Цяпер яны займаюцца афармленнем дадатковай тэрыторыі і падрыхтоўкай дакументаў для інжынерных сетак.

Улады чакаюць, што ў 2026 годзе праект пройдзе дзяржаўную экспертызу і пасля гэтага пачнецца асноўны этап будаўніцтва.

Фінансаваць праект плануюць за кошт крэдытнай лініі банка. Раней кампанія таксама шукала дадатковых інвестараў, у тым ліку сярод кітайскага бізнэсу.

Упершыню пра намер пабудаваць у Віцебску аквапарк віцебскія чыноўнікі загаварылі восенню 2024 года, а ў студзені 2025‑га старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў паведаміў пра канчаткова прынятае рашэнне і наяўнасць інвестара. 

Калі планы здзейсняцца, то Віцебск стане трэцім абласным цэнтрам пасля Мінска і Гродна, у якім пабудуюць аквапарк.

Акрамя таго, у Беларусі такія аб'екты ёсць цяпер таксама ў Жлобіне, Маладзечне, Кобрыне, Пружанах і аграгарадку Азёры пад Гроднам.

Чытайце таксама:

У Магілёве пабудуюць другі лядовы палац. Пры ім будзе і першы ў горадзе аквапарк

Праект аквапарку ў Віцебску выставілі на грамадскае абмеркаванне

У Брэсце запланавана будаўніцтва аквапарка

У Гомелі і Гродне будуць рабіць аквапаркі

Каментары да артыкула