БЕЛ Ł РУС

Матэрыялы сайта Kamunikat.org, які пацярпеў ад хакерскай атакі, аднавілі

8.05.2026 / 19:59

Nashaniva.com

Адноўленая частка матэрыялаў сайта інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org, якая 7 мая стала аб’ектам атакі хакераў. Пра гэта 8 мая паведаміў «Радыё Свабода» заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі і дырэктар аднайменнага выдавецтва Яраслаў Іванюк.

Яраслаў Іванюк. Фота: Most

Па словах Іванюка, сайт для наведвальнікаў пачне працаваць не адразу.

«Спачатку трэба правесці ўсе патрэбныя захады, каб пераканацца, што няма шкоднага віруса», — патлумачыў Яраслаў Іванюк.

Дзень поўнага аднаўлення працы сайта ён не назваў, як і не ўзяўся ацаніць у працэнтах долю матэрыялаў інтэрнэт-бібліятэкі, якую ўжо ўдалося аднавіць.

«Сайт адноўлены фактычна цалкам. Цяпер займаемся ўдасканаленнем структуры, каб пазбегнуць падобнага роду атак у будучыні. Праца ідзе, але калі яна будзе завершана, сказаць пакуль складана», — прызнаў Іванюк.

Яраслаў Іванюк сказаў, што паінфармаваў пра здарэнне з інтэрнэт-бібліятэкай установу польскай сістэмы кібербяспекі CERT Polska — каманду рэагавання на надзвычайныя сітуацыі ў інтэрнэце, якая дзейнічае ў складзе дзяржаўнага даследчага інстытута NASK («Навуковая і акадэмічная камп’ютарная сетка»).

CERT Polska адказвае за рэагаванне на інцыдэнты з бяспекай у інтэрнэце, але не мае следчых кампетэнцый. Там Іванюка выслухалі і прапанавалі запоўніць адпаведныя дакументы аб здарэнні.

«Я таксама расказаў гісторыю ціску і атак на Kamunikat. Далей яны будуць дзейнічаць паводле сваіх задач, мы ж працягваем выконваць свае. Але ўжо цяпер на 100% перакананы, што гэтая атака невыпадковая і што пад падобнай пагрозай апынуліся не толькі мы, але і сайты іншых культурных беларускіх праектаў».

Іванюк заклікаў калег па беларускіх культурных праектах, каб былі пільныя.

«У нас усё пачыналася ў кастрычніку мінулага года, калі рэзка ўзраслі запыты з IP-адрасоў, зарэгістраваных у Кітаі. У лістападзе іх было ўжо ў тысячу разоў больш. Ад атакі ў канцы снежня ўдалося адбіцца, але атака цяпер была яшчэ больш масавая: на нас напалі адначасова з адрасоў у Тайвані, Сінгапуры, Інданезіі, іншых паўднёваазіяцкіх краін. Таму рэкамендаваў бы калегам быць пільнымі, адсочваць падазроныя запыты і своечасова блакаваць IP-адрасы, з якіх яны ідуць», — пералічыў Яраслаў Іванюк свае парады ў размове з «Радыё Свабода».

Паводле Яраслава Іванюка, праца дзеля аднаўлення інтэрнэт-бібліятэкі працягваецца.

Чытайце таксама:

«А 4‑й гадзіне ночы мы зразумелі, што серверы проста вычышчаныя». Яраслаў Іванюк расказаў падрабязнасці пра атаку на анлайн-бібліятэку «Камунікат»

Сайт анлайн-бібліятэкі «Камунікат» зазнаў магутную хакерскую атаку

Чатырнаццаць выдавецтваў, каля паўтысячы кніг… Заснавальнікі новай варшаўскай кнігарні Kamunikat.shop расказалі пра далейшыя планы

Каментары да артыкула