БЕЛ Ł РУС

Першыя вынікі выбараў у Брытаніі: лейбарысты церпяць паразу, Reform UK захоплівае пазіцыі па ўсёй краіне

8.05.2026 / 15:04

Nashaniva.com

У Вялікабрытаніі ідзе падлік вынікаў муніцыпальных выбараў, якія прайшлі напярэдадні.

Найджал Фарадж з прыхільнікамі святкуюць лакальныя перамогі. Фота: Dan Kitwood/Getty Images

Пакуль вядомыя толькі першыя вынікі, у большасці муніцыпалітэтаў падлік працягваецца. У прыватнасці, яшчэ не падлічаныя галасы ў Шатландыі і Уэльсе. Аднак папярэднія вынікі дэманструюць страту пазіцый кіруючай Лейбарысцкай партыі і трыумф правапапулісцкай партыі Reform UK Найджала Фараджа, піша Бі-бі-сі.

Галасаванне ў Шатландыі, Уэльсе і 136 англійскіх саветах палітолагі называюць найбуйнейшым электаральным тэстам з часу ўсеагульных выбараў 2024 года і важнай праверкай для прэм'ер-міністра Кіра Стармера.

І хоць да абвяшчэння канчатковых вынікаў яшчэ як мінімум некалькі гадзін, агульныя тэндэнцыі ўжо добра прасочваюцца.

У лідарах з вялікім адрывам — Reform UK, поспех якой на цяперашніх выбарах не стаў сюрпрызам. На леташніх муніцыпальных выбарах яна таксама набрала найбольшую колькасць галасоў.

Аднак уражлівыя вынікі Reform UK паказваюць ступень расчаравання брытанскіх выбаршчыкаў традыцыйнымі партыямі, якія за мінулы год так і не змаглі нічога супрацьпаставіць яе лідару Найджэлу Фараджу.

Выбаршчыкі незадаволеныя няздольнасцю дзвюх асноўных і найстарэйшых брытанскіх партый — Лейбарысцкай і Кансерватыўнай — навесці парадак у галоўных пытаннях унутранага парадку дня — эканоміцы і міграцыйнай палітыцы.

Услед за Reform UK шчыльнай групай (прынамсі, на дадзеным этапе) ідуць лейбарысты, кансерватары, ліберал-дэмакраты і Партыі зялёных Англіі і Уэльса.

І гэта яшчэ адзін цікавы момант, кажуць эксперты. Пра тое, як брытанская палітыка ўсё мацней драбніцца, казалі даўно — і цяпер гэта бачна асабліва выразна. Ніводнай партыі не ўдаецца дамагчыся ўпэўненага дамінавання, а галасы распадаюцца як мінімум па пяці розных напрамках.

Партыя Reform UK за ноч адабрала ўражлівую колькасць мандатаў як у лейбарыстаў, так і ў кансерватараў. Асабліва кідаецца ў вочы паражэнне Лейбарысцкай партыі ў сваіх традыцыйных цвярдынях на поўначы Англіі і ў Мідлендсе, уключаючы Уіган, Болтан, Салфорд і Халтан.

Пры гэтым першую мясцовую раду, якую Reform UK удалося адабраць у ходзе начнога падліку галасоў, раней кантралявалі кансерватары — гэта Ньюкасл-андар-Лайм.

У большасці радаў, дзе падлік пачаўся ноччу, перавыбіралася толькі траціна месцаў, так што пазней на працягу дня ў Reform можа з'явіцца яшчэ больш шанцаў узяць уладу ў муніцыпалітэтах.

Але ўжо зараз можна казаць пра сур'ёзны поспех партыі Фараджа: яна выйграе прыкладна траціну ўжо размеркаваных мандатаў.

Лейбарысты, наадварот, ужо страцілі крыху менш за палову месцаў, якія спрабавалі ўтрымаць, — а абараняць ім у гэтай электаральнай кампаніі даводзілася больш за ўсё мандатаў.

Партыйны штаб Лейбарысцкай партыі заяўляе, што прамежкавыя выбары традыцыйна бываюць цяжкімі для кіруючых партый, і на іх падставе звычайна нельга прагназаваць зыход наступных усеагульных выбараў.

Гэта дакладна, кажуць эксперты, але да пэўнай ступені. Напрыклад, у 2011, 2015, 2017 і 2021 гадах кіруючая партыя не губляла пазіцыі па ліку месцаў, а лейбарысты зараз губляюць іх вельмі сур'ёзна.

«Я не збіраюся сыходзіць і пагружаць краіну ў хаос», — заявіў Кір Стармер пасля таго, як першыя вынікі паказалі вялікія страты для Лейбарысцкай партыі.

Ён нагадаў пра разгромную перамогу лейбарыстаў на ўсеагульных выбарах у ліпені 2024 года: «Я прывёў нашу партыю да гэтай перамогі, і гэта пяцігадовы мандат на змену краіны».

Стармер дадаў, што «ў бліжэйшыя дні» выкладзе «далейшыя крокі», якія Лейбарысцкая партыя мае намер распачаць, каб вярнуць давер выбаршчыкаў.

На пытанне, ці збіраецца ён удзельнічаць у наступных усеагульных выбарах, прэм'ер адказаў: «Так. Мяне абралі на пяцігадовы тэрмін, і я маю намер давесці гэтую працу да канца».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула