БЕЛ Ł РУС

Наўседа: Прысутнасць войскаў ЗША ў Літве не залежыць ад адносін з Мінскам

8.05.2026 / 11:31

Nashaniva.com

«Я не бачу ніводнай прычыны змагацца за адмену санкцый супраць Беларусі ў Еўрапейскай радзе ці іншых фарматах», — сказаў прэзідэнт Літвы.

Фота: Jonathan Raa / NurPhoto via Getty Images

Прэзідэнт Літвы заявіў, што ніколі не атрымліваў сігналаў, што прысутнасць амерыканскіх войскаў у краіне можа быць залежнай ад паляпшэння адносін з Беларуссю, піша LRT.

«Я ніколі і ні ў якім месцы не чуў такой умовы: альбо вы сябруеце з беларусамі, альбо ў вас тут не будзе амерыканскіх салдат. (…) Ніхто нават не асмеліўся б сказаць такое Літве», — заявіў кіраўнік дзяржавы ў чацвер у эфіры праграмы «Тэма дня» на тэлеканале LRT.

Такім чынам прэзідэнт пракаментаваў магчымы візіт спецпасланніка ЗША па Беларусі Джон Коўл і сцвярджэнні аб тым, што Вільні неабходна аднавіць адносіны з Мінскам і разгледзець пытанне аб адмене санкцый на транзіт угнаенняў.

У сакавіку Коўл заклікаў Вільню правесці сустрэчу з беларускім бокам на ўзроўні віцэ-міністраў. Раней ён наведаў Беларусь, дзе сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Пасля гэтага візіту Мінск вызваліў каля 250 палітвязняў, а Вашынгтон часткова зняў санкцыі.

«Усё, што робіць спадар Коўл і адміністрацыя ЗША ў сферы правоў чалавека, не можа не падабацца, бо гэта вызваленне людзей. Людзей, якія перажываюць неабсяжныя — і маральныя, і фізічныя — пакуты ў турмах Лукашэнкі. Іх вызваленне — добрая навіна, няхай гэта будуць грамадзяне Літвы, Польшчы ці самі беларускія змагары за свабоду. Гэта пазітыўны працэс, які мы вітаем і будзем вітаць», — сказаў Наўседа.

Аднак прэзідэнт падкрэсліў, што праяўленая Мінскам добрая воля ў пытанні палітвязняў не мяняе пазіцыю Літвы адносна санкцый.

«Што датычыцца адмены санкцый, то тут не трэба быць рашучым або нерашучым. Ёсць цалкам відавочная прававая рэальнасць: ніхто не змог бы адмяніць гэтыя санкцыі нават пры вялікім жаданні, бо яны працягнутыя на найбліжэйшыя 12 месяцаў, інакш не будзе», — акцэнтаваў Наўседа.

«Я не бачу ніводнай прычыны змагацца за адмену санкцый супраць Беларусі ў Еўрапейскай радзе ці іншых фарматах. Усё застаецца ў сіле, акрамя гуманітарнага аспекту і, трэба прызнаць, своеасаблівага флірту Лукашэнкі з ЗША. Іншых пазітыўных зрухаў я не бачу — ні ў пытанні (кантрабандных паветраных) шароў, ні ў пытанні нелегальнай міграцыі, ні ў пытанні ўдзелу Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны», — дадаў кіраўнік літоўскай дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ў выпадку сустрэчы з Коўлам ён мае намер «максімальна рэалістычна» растлумачыць, што суседняя дзяржава па-ранейшаму ўзмацняе сітуацыю з бяспекай у рэгіёне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула