БЕЛ Ł РУС

Малады дзед з Кармы захацеў далучыць Сумы да Расіі. Практычны вынік — унучка ў Мазыры убачыць яго толькі на фота

7.05.2026 / 14:16

Nashaniva.com

Шматразова судзімы Сяргей Салаўёў з Гомельскай вобласці павёўся на шчодрыя абяцанні расійскіх вярбоўшчыкаў, але не пралічыў рызыкі. У выніку вайсковая кар'ера склалася без нечаканасцяў, як ва ўсіх: вясной 2025‑га першае фота ў сацсетках у расійскім камуфляжы і з блатной распальцоўкай, летам 2025‑га фота ў кампаніі такіх жа джэнтльменаў удачы, а зімой 2025‑га — закінутая старонка, на якой плачацца жонка. 

Сяргей Салаўёў нарадзіўся ў 1977 годзе ў Расіі, але вырас на тэрыторыі нашай краіны і стаў грамадзянінам незалежнай Беларусі. А таксама даў жыццё многім грамадзянам Беларусі. 

Салаўёў — вельмі малады дзед. У 2017‑м ён стаў дзедам у першы раз — у яго сына нарадзіўся сын, у 2020 годзе ён стаў дзедам другі раз — у сына нарадзілася дачка. Тыя жывуць у Мазыры. 

І не было б ніякай нагоды пісаць пра гэтага чалавека, калі б не факт, што Сяргей ужо ніколі не дапаможа сыну забраць унукаў са школы і не зможа ацаніць шчасце быць маладым дзедам — у 2025 годзе Салаўёў наняўся ваяваць супраць Украіны і, мяркуючы па ўсім, пратрымаўся на фронце ўсяго каля шасці месяцаў. 

Сяргея Салаўёва адправілі на Сумскі кірунак. Фота: УКантакце

Цяпер ён лічыцца без вестак зніклым байцом в/ч 52055, а яго жонка беспаспяхова напісвае ягоным сябрам «УКантакце» з пытаннем, калі яны апошні раз бачылі Сяргея. 

Што прымусіла Сяргея наняцца на пуцінскую вайну — невядома. Але паводле свайго сацыяльна-псіхалагічнага партрэта Салаўёў насамрэч быў у групе рызыкі як былы рэцыдывіст. 

У даўнім мінулым Сяргей, паводле дадзеных Belpol, двойчы быў асуджаны судом Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Першы раз у 1998 годзе за злоснае хуліганства (з умоўным тэрмінам), а другі раз у 2002 годзе за крадзеж аўтамабіля (атрымаў тры гады калоніі, але ўвесь тэрмін не сядзеў: год «з'ела» амністыя, а рэшту дабываў на папраўчых працах). 

Сяргей Салаўёў першы злева. Фота: УКантакце. 

З сярэдзіны 2010‑х даныя пра яго ў беларускіх базах абрываюцца. Імаверна, Сяргей ездзіў на заробкі ў Расію і перастаў працаваць у Беларусі афіцыйна. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула