БЕЛ Ł РУС

Банкамат не прыняў у мінчанкі 100‑рублёвыя купюры. Ва ўсіх банкнот аказалася адна асаблівасць

7.05.2026 / 11:34

Nashaniva.com

У рэдакцыю MYFIN звярнулася Алена, якая сутыкнулася з нечаканым абмежаваннем. Беларуска «скарміла» банкамату некалькі тысяч рублёў — частку з іх банкамат «праглынуў», а частку вярнуў і адмовіўся прымаць. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media

— Я змарнавала прыкладна тры гадзіны, каб вырашыць гэтую праблему, — распавяла Алена.

Яна хацела пакласці буйную суму ў беларускіх рублях на рахунак у Банк БелВЭБ, але банкамат вярнуў частку грошай.

Пры гэтым на экране з’явілася паведамленне пра тое, што банкамат не прымае купюры ў 100 рублёў узору 2022 года. Менавіта такімі і аказаліся непрынятыя грошы Алены.

— Я патэлефанавала ў службу падтрымкі. Адзінае, чым мне дапамаглі — гэта параілі абмяняць гэтыя купюры ў касе. Мне прыйшлося патраціць свой асабісты час. Чаму ў Беларусі не наладжаны прыём усіх купюр? Гэта ж нашая нацыянальная валюта.

Банк: справа ў санкцыях

У адказе на запыт журналістаў MYFIN прадстаўнікі «Банка БелВЭБ» патлумачылі, што сітуацыя не звязаная з якасцю саміх грошай, а мае зусім іншы характар.

Праблема закранула банкаматы заходніх марак — Diebold Nixdorf і NCR. Гэтыя прылады патрабуюць спецыяльнага абнаўлення праграмнага забеспячэння, каб «пазнаваць» новыя беларускія банкноты.

З-за міжнародных санкцый амерыканскія і нямецкія вытворцы спынілі тэхнічную падтрымку і пастаўку абнаўленняў ПЗ у Беларусь і Расію. Гэта зрабіла немагчымай даналадку старых мадэляў пад новыя купюры.

А вось банкаматы азіяцкіх вытворцаў, такіх як Hyosung (Карэя) або GRG (Кітай), працуюць без абмежаванняў і спакойна прымаюць «соткі» 2022 года.

У банку паціху мяняюць банкаматы на тыя, што поўнасцю распазнаюць усе беларускія банкноты. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула