БЕЛ Ł РУС

38‑гадовага юрыста з Гродна пасадзілі за «абразу» Лукашэнкі і «экстрэмізм»

8.05.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Юрый Ядкоўскі атрымаў прысуд па двух палітычных артыкулах.

Юрый Ядкоўскі. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Юрыю Ядкоўскаму 38 гадоў. Ён гродзенец. Пасля школы атрымаў вышэйшую адукацыю на юрыдычным факультэце Беларускага інстытута правазнаўства. Апошняе яго вядомае месца працы — «Апіс Плюс». Гэта гродзенская кампанія, якая спецыялізуецца на ўстаноўцы металічных і міжпакаёвых дзвярэй, а таксама аказвае розныя бытавыя паслугі.

Юрый некалькі гадоў самастойна вучыць праграмаванне і хоча стаць айцішнікам. Ён скончыў некалькі профільных курсаў і шукаў працу. 

Ядкоўскага арыштавалі ў мінулым годзе і змясцілі ў СІЗА. Нядаўна Юрыя асудзілі ў Гродзенскім абласным судзе паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 1 і 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэкса Беларусі (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Юрыю Ядкоўскаму прысудзілі калонію ці хімію з накіраваннем.

«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць падпіскі на незалежныя каналы, СМІ, наяўнасць спасылак на іх у сацыяльных сетках ці наяўнасць у сацсетках ці на рэчах беларускай нацыянальнай, далукашэнкаўскай сімволікі. Да «экстрэмізму» залічваюць таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, афіцыйных гістарычных наратываў ці праявы салідарнасці з Украінай. Шматлікія крымінальныя справы апошняга часу па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмізму» былі звязаныя са «справай Гаюна».

Чытайце таксама:

Былога міліцыянера асудзілі за жаданне ваяваць у Палку Каліноўскага. Пагражала да 15 гадоў калоніі

Інструктара пошукавага атрада «Анёл» кінулі за краты — верагодна, за Гаюна

Айцішніцы далі тры гады па справе Гаюна. Яна жыла ў Вільні, але перыядычна ездзіла на радзіму

Каментары да артыкула